16 лютага моладзевыя актывісты правядуць у Брэсце традыцыйную акцыю салідарнасці. Яны збіраюцца акцэнтаваць увагу і на тых, хто пацярпеў пасля выбараў 19 снежня 2010 года.
Праваабаронца з Брэста Васіль Ваўранюк звярнуўся да мясцовых уладаў з просьбай дазволіць пікет у падтрымку арыштаваных і тых, каго пераследавалі ўлады пасля падзеяў на Плошчы. Спадзяванні на тое, што ўлады дазволяць пікет, невялікія, але сама салідарнасць вельмі патрэбная, кажа праваабаронца.
Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі 16 лютага адбудзецца і ў Вільні.
У акцыі прымуць удзел актывісты штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, прадстаўнікі беларускай дыяспары, студэнты ЕГУ, студэнты літоўскіх ВНУ, і ўсе не абыякавая да падзей ў Беларусі пасля выбараў.
Акцыя пачнецца каля музея ахвяр генацыду ў 16.00. Удзельнікі запаляць свечкі і пройдуць шэсцем да беларускага пасольства, дзе адбудзецца мітынг салідарнасці.
У Маскве актывісты праваабарончай арганізацыі Amnesty International правядуць ля амбасады Беларусі пікет з патрабаваньнем адпусціць апазіцыянераў, затрыманых у Мінску пасля снежанскіх выбараў.
У Гаазе 16 лютага мірная дэманстрацыя салідарнасці з роднымі і блізкімі зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зміцера Завадскага, са шматлікімі беларускімі палітвязнямі, з усімі ахвярамі "апошняй дыктатуры Еўропы", традыцыйна пройдзе каля беларускай амбасады з 13:00 да 14:00 па мясцовым часе. Акцыя арганізаваная грамадзянскай ініцыятывай "Мы памятаем".
Таксама 19 лютага, роўна праз 2 месяцы пасля прэзідэнцкіх "выбараў" у Беларусі, беларусы Нідэрландаў арганізоўваюць акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, колькасць якіх працягвае расці. Акцыя пройдзе з 13:00 да 14:00 па мясцовым часе ля будынка Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе.
19 лютага таксама пройдзе акцыя салідарнасці з палітзаключанымі беларусамі ў Лондане перад беларускай амбасадай з 14:00 да 15:00.