Ахоўнік Цесака двойчы ўваткнуў нож у спіну мінскага антыфашыста (відэа)

Сталі вядомыя акалічнасці зняволення эпатажнага расійскага неанацыста  Максіма “Цесака” Марцінкевіча. Нагадаем, ён быў затрыманы мінскай міліцыяй на мінулым тыдні пасля вулічнай бойкі і быў змешчаны ў СІЗА на Валадарскага. Яшчэ адзін мужчына, які быў з “Цесаком” у адной кампаніі, цяжка параніў аднаго з мінскіх антыфашыстаў.

“Прыехаў ён у Мінск рабіць карэкцыю зроку, а не педафілаў лавіць. Напішыце вы гэта нарэшце, ― просіць Мікалай К., знаёмы Марцінкевіча. ― У яго нібыта беларуска-польска-літоўскія карані”.

Еўрарадыё: Вядома, што ў Мінску “Цясак” праводзіць нейкія семінары. Якія веды ён там дае?

“Там высмейваюцца ўстойлівыя нормы грамадства, заганы цывілізацыі, цікавая яго філасофія наконт здаровага ладу жыцця. Так, ва ўсім гэтым ён прапагандуе нацыянал-сацыялізм, але ў прынцыпе на семінарах ― цікавая інфармацыя”, — адказвае знаёмы Марцінкевіча.

З рэдакцыяй Еўрарадыё звязалася крыніца, якая асабіста ведае параненага мінскага антыфашыста і дэталёва валодае падрабязнасцямі здарэння.

“Апошнім часам Цясак вельмі часта стаў наведвацца ў Мінск. А разам з ім іншыя вядомыя фашысты-экстрэмісты. Аднойчы спрабавалі злавіць яго каля аднаго з казіно, але яму ўдалося сысці. На гэты раз дайшла інфармацыя, што ў адной з клінік Мінска ён робіць карэкцыю зроку. Хлопцы хацелі абліць яго мачой ля клінікі”.

Еўрарадыё: Навошта?

“Проста хуліганская выхадка. У месцах пазбаўлення волі тыя, каго абліваюць мачой, лічацца “пеўнікамі”. А Марцінкевіч, як вядома, сядзеў. Дык вось было каля дзевяці раніцы. Цясак ішоў з двума ахоўнікамі. Адзін з іх аказаўся Сяргеем Кароткіх па мянушцы Малюта. Гэта ўраджэнец Беларусі, які некалі быў кіраўніком расійскай Нацыянал-сацыялістычнай грамады. У выніку гэту арганізацыю прызналі экстрэмісцкай. Самаго Малюту абвінавачвалі ў здзяйсненні тэракту на Манежнай плошчы ў Маскве 2007 года, але яму ўдалося пазбегнуць калоніі. Дарэчы, у Беларусі Малюта некалі быў вядомым дзеячам Рускага нацыянальнага адзінства. Былы спецназавец Ігнатовіч, якога пасадзілі за забойства журналіста Завадскага, гэта, кажуць, сваяк Малюты”.

Еўрарадыё: І што здарылася каля клінікі?

“Чацвёра хлопцаў скокнулі на Цесака і яго ахову. Марцінкевіч выхапіў “удар” ― газавую зброю, стылізаваную пад пісталет. Пачаў шмаляць. Пачаўся замес. Падчас бойкі Малюта паспеў выхапіць нож і засадзіў яго два разы ў спіну А. Адно з нажавых раненняў аказалася глыбінёй у 15 см. Цясак і яго ахоўнікі рванулі ў клініку, а антыфашысты павезлі параненага на машыне ў бальніцу. Ледзьве адкачалі. Малюта, які біў нажом, вядомы тым, што ўвесь час выходзіць сухім з вады. Цяпер чакаем, што будзе на гэты раз”.

Еўрарадыё: Па вялікім рахунку “Цясак” проста эпатажны чалавек. Харошым байцом яго не назавеш. Навошта за ім у Мінску сачылі?

“Тупым яго не назавеш таксама. Калі ён прамые маладым і неабазнаным людзям мазгі наконт сваіх нацысцкіх і імперскіх ідэй, то на гэта могуць клюнуць. І вось трое такіх ускормяць яшчэ пяцярых ― і карычневая чума пачне папулярызавацца ў Беларусі. Мы ж не ведаем, пра што яны расказваюць на сваіх закрытых семінарах у Мінску. Ідэі, якія прапагандуюць у нас розныя цесакі, антыбеларускія. Незалежнасці нашай краіны яны не прызнаюць. Для іх існуе толькі Вялікая Расія, а Беларусь у ёй ― усяго толькі перыферыйны рэгіён”.

Па факце здарэння заведзена крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 крымінальнага кодэкса (хуліганства, учыненае пры дапамозе зброі). Цясак і яго світа ― у якасці падазраваных. Антыфашысты ― у якасці пацярпелых і сведак.

Стары фотаздымак Сяргея "Малюты" Кароткіх