Агент Брэсана: Рэнан застанецца з беларускім пашпартам

Паўабаронца барысаўскага БАТЭ і нацыянальнай зборнай Беларусі Рэнан Брэсан пераходзіць у расійскі клуб "Аланія". Кантракт з ім падпісаны на 3,5 гады.

"Аланія" з Уладзікаўказу цяпер займае ў расійскай Прэм'ер-лізе перадапошняе, 15-е месца. Як распавёў Еўрарадыё агент футбаліста Валерый Ісаеў, іншых вартых варыянтаў не было:

"Цікавіліся селекцыянеры з Нямеччыны, задавалі пытанні, званілі селекцыянеры і з Італіі. Але каб кіраўнік клуба выходзіў і праяўляў зацікаўленасць, такога на гэтым этапе не было".

А вось ад кіраўніцтва "Аланіі" Рэнан Брэсан атрымаў "самую канкрэтную прапанову", кажа Ісаеў. Прэзідэнт клуба і галоўны трэнер Валерый Газаеў наведваў матчы зборнай Беларусі, у якіх удзельнічаў Брэсан. На працягу апошніх трох тыдняў ішлі плённыя перамовы з кіраўніцтвам футбольнага клуба БАТЭ.

Валерый Ісаеў адзначае, што ў Брэсана ў "Аланіі" будзе ў некалькі разоў большы заробак, чым у Барысаве.

Рэнан Брэсан хацеў бы і надалей выступаць за зборную Беларусі. Як вядома, ён мае беларускае грамадзянства. Падчас заключэння дамовы з "Аланіяй" Брэсан карыстаўся беларускім пашпартам.

Дарэчы, футбаліст яшчэ можа згуляць за БАТЭ ў матчы з мюнхенскай "Баварыяй" 5 снежня. Ён з Масквы вылятае ў Нямеччыну, дзе далучыцца да каманды Віктара Ганчарэнкі.

Супергол Брэсана зборнай Бразіліі

Фота — fcbate.by, daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі