Адмыслова для этна-дыскатэкі Скрыпка зробіць танцавацьную "Краіну Мрой"

111130 Malina Vopli.mp3

15-га снежня інтэрнэт-партал “Тузін гітоў” і кампанія “Будзьма” прэзентуюць дыск “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”. Праца над пласцінкай вялася больш за год, у выніку ў праекце паўдзельнічалі 12 замежных артыстаў, якія маюць беларускія карані ці проста неабыякавыя да беларускай культуры. Адзін з такіх знакамітых удзельнікаў праекту – фронтмэн легендарнага ўкраінскага гурта “Воплі Відаплясава” Алег Скрыпка, які, акрамя іншага, заяўлены як госць афіцыйнай прэзентацыі ў мінскай кавярні “Loft-cafe”.


“Мы вырашылі зладзіць невялічкую прэзентацыю для гасцей, удзельнікаў і журналістаў, – распавядае аўтар і ініцыятар праекту Сяргей Будкін. - Доўга думалі, каго б запрасіць, і вырашылі, што ідэальным варыянтам будзе Алег Скрыпка, таму што з яго мы пачалі праект. Ён вельмі адказна паставіўся для запісу сваёй песні. І на ім вырашылі скончыць – то бок прэзентаваць усё”.

Але Алега Скрыпку пытанне Еўрарадыё пра ўдзел у прэзентацыі пласцінкі застала знянацку.

“Да?- здзіўляцца Алег. – Цікава. Я ведаў, што я дыскатэку буду граць, але для гэтага праекту, ці не – не ведаю. Я проста не ведаў, што гэта для “Перазагрузкі”.

Як вядома, для праекту “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2” Алег Скрыпка праспяваў па-беларуску песню “Краіна Мрой”. Летуценная і лірычная кампазіцыя мае прагучаць на вялікім мінскім канцэрце “Воплей Відаплясава” 14 снежня, прымеркаваным да 25-годдзя гурта. Але для этна-дыскатэкі, на думку Скрыпкі, “Краіна Мрой” не пасуе.

“Мабыць, ніяк не буду выконваць, таму што яна не танцавальная. Я пайграю беларускую музыку, у мяне ёсць нямала беларускай музыкі. І ўсё. А “Краіну Мрой” – гэта трэба рэмікс рабіць, я не паспею”.

Як распавёў музыкант, прыкладна траціна трэк-ліста, які Скрыпка падрыхтуе для выступу на прэзентацыі “Перазагрузкі”, складаецца з беларускай музыкі. Але ў выніку ніводная песня з аднайменнага дыску не прагучыць. Мы прапанавалі Алегу ўсё ж выканаць “Краіну Мрой” хоць бы пад “мінус”.

“Пад “мінусовачку”? Так гэта ўжо нейкае караоке атрымліваецца, нейкая папса,

смяецца Скрыпка і пасля невялічкай паўзы нечакана працягвае. – Добра, я, можа, што-небудзь паспрабую зрабіць да гэтага часу. Добра, што вы мне далі такую ідэю. Тады з “Краінай Мрой” што-небудзь прыдумаем”.


Квіткі на імпрэзу ўжо з’явіліся ў продажы. Самыя хуткія і спрытныя 30 чалавек, якія першымі набудуць квіткі, атрымаюць у падарунак дыск “Будзьма!Тузін.Перазагрузка-2”. Для аматараў і калекцыянераў беларускіх дыскаў гэта някіслы варыянт атрымаць пласцінку, бо “Будзьма!Тузін.Перазагрузка-2” не паступіць у продаж.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі