Адмовіць у рэгістрацыі арганізацыі Мінюст можа нават з-за… шрыфту

Цэнтр прававой трансфармацыі і Асамблея няўрадавых арганізацый правялі ў панядзелак брыфінг. На ім юрысты расказалі пра няпростае жыццё няўрадавых арганізацыі пасля выбараў. Найбольш складаная праблема – прайсці рэгістрацыю.

“Адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, у першую чаргу, у Беларусі вельмі разнастайныя. Але магу сказаць, што мы, як юрысты, якія, працуюць у гэтай сферы, дзелім іх на дзве катэгорыі – адмовы без фантазіі і адмовы з фантазіяй”, – расказвае юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў.

120123 Pikecki NDA.mp3

Сярод найбольш крэатыўных адмоваў Мінюста – адмова ў рэгістрацыі рэгіянальных прадстаўніцтваў руху “За Свабоду!”. Чыноўнікі прычапіліся да… шрыфту! Змяніць яго і раздрукаваць заяўку нанова – справа трох хвілінаў. Аднак у рэгістрацыі было адмоўлена.

“Былі пададзеныя на рэгістрацыю абласныя і мінская гарадская арганізацыі руху “За Свабоду!” Яны ўсе сутыкнуліся з адмовай, прычым, адмовы ўсе дастаткова розныя. Нават да няправільнага памеру шрыфту, якім запоўненыя дакументы”.

Сярод менш крэатыўных, але ўсё ж кур’ёзных прычынаў адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў – памылкі ў пададзеных нумарах тэлефонаў. Яны павінны быць стацыянарнымі. І не важна, што заяўнік хатнім нумарам зусім не карыстаецца, кажа дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.

“У нас быў выпадак, калі, у тым ліку, прычынай для адмовы ў рэгістрацыі было неўказанне хатняга нумару. А людзі не карыстаюцца ўвогуле хатнім тэлефонам. І некаторыя нават забываюцца, што гэты хатні тэлефон у іх ёсць. Ну знялі. А Міністэрства юстыцыі і ўпраўленні юстыцыі ўсё гэта правяраюць”.

Але адмаўляюць не ўсім. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што ў 2011 годзе Мінюст ўсё ж зарэгістраваў 112 новых арганізацый. Праўда, 61 з іх належыць да спартовых. Сярод зарэгістраваных такія, як “Тэрыторыя спартыўнага покера”, “Клуб заўзятараў ФК “Партызан”, “Гродзенскі рыбалоўны клуб” і іншыя.

У 2011 годзе ўлады часам ішлі нават на беспрэцэдэнтны крок – абмяркоўвалі разнастайныя новаўвядзенні з асобнымі НДА. Аднак Вольга Смалянка звяртае ўвагу на тое, што змены тычацца пакуль толькі аб’яднанняў прадпрымальнікаў.

“Пазітыўныя змены ёсць. Але, на жаль, яны тычацца толькі аб’яднанняў прадпрымальнікаў. Яны не датычныя іншых грамадскіх арганізацый”.

Найгорш пры рэгістрацыі па-ранейшаму палітычна ангажаваным арганізацыям. Юрысты кажуць, што ў гэтым выпадку ключавое значэнне мае спіс заснавальнікаў. Калі там ёсць хоць адно “засвечанае” прозвішча, то пра рэгістрацыю можна адразу забыцца. Юрый Чавусаў расказвае, што ў існаванні “палітычнага фільтра” падчас рэгістрацыі НДА ён не сумняваецца. Такія высновы юрыст робіць на падставе аналізу адмоваў у рэгістрацыі за 2011 год.

“Гэта ўсё сведчыць пра тое, што адмовы ў першую чаргу выносяцца на падставе нейкага палітычнага рашэння. Ёсць два фільтры. Калі арганізацыя праходзіць палітычны фільтр, то Міністэрства юстыцыі, чыноўнікі міністэрства юстыцыі, спецыялісты, патэлефануюць, скажуць – вось тут у вас памылкі, не зважаючы ўжо на пытанні нейкага шрыфту. Вось тут у вас у юрыдычным адрасе не пазначаны нейкі пакой, вы, калі ласка, прынясіце новы гарантыйны ліст. Калі палітычнае рашэнне – не рэгістраваць, то нават любыя недахопы ў дакументах трактуюцца як невыпраўляльныя і перашкода для рэгістрацыі”.

Так што зарэгістраваць арганізацыю ў Беларусі ўсё ж можна. Але найбольш шансаў на гэта, як паказвае практыка, у спартовых заўзятараў і атлетаў-пачаткоўцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі