"Адкрываем кніжку, знаходзім прыгожае слова — вось і назва"

"Ёсць у нас камісія па правядзенні дэгустацый. Выклікалі на прадпрыемства ўсіх сваіх пакупнікоў і таксама праводзілі дэгустацыі", — распавядаюць на вінзаводзе ў Навагрудку.


А вось на гомельскім заводзе перасталі праводзіць дэгустацыі "чарніла" з пакупнікамі, бо даходзіць да мардабою.


"Мы не дэгустуем пладовыя віны, таму што на дэгустацыю прыходзіць не той кантынгент. Збіраецца кантынгент, які і хапае, і морды б'юць. Яны прыходзяць і потым разносяць усю дэгустацыю. Таму мы, каб засцерагчы сябе і краму, пладовыя віны не дэгустуем".


Таксама дэгустацыя праходзіць і на прадпрыемстве "Колас". Праўда, штатных дэгустатараў на гэтым заводзе няма.


"Пазаштатныя ёсць. Камісія дэгустацыйная таксама ёсць. Тэхнолагі робяць, потым збіраецца дзесьці на заводзе камісія, таксама там дэгустуе".


На падсвільскім заводзе дэгустуюць не адныя, запрашаюць калегаў.


"Мы нават з харчпрама запрашаем прадстаўнікоў, каб яны таксама каштавалі з намі".


Увогуле пладовае віно праходзіць некалькі этапаў  дэгустацыі. Спачатку ўнутраную, пазней рэспубліканскую, затым у Міністэрстве аховы здароўя. На прадпрыемствах гэтым займаецца цэлая лабараторыя.


"Каб яно натуральнае было, каб адчуць букет віна. Чысціня браджэння. Прафесіяналы — яны ж разумеюць, калі віно чыстае ці з прымешкам нейкім".


Дэгустатары-прафесіяналы амаль не п'юць, на спробу наліваюць максімум па 50 мілілітраў аднаго гатунку.


"Вы ж не можаце каштаваць больш за 4 узоры, рэцэптары на гэта могуць быць не здольныя. Вось мы былі ў Мінску на дэгустацыі, там каштавалі адразу 16 узораў. Але гэта праца, сур'ёзная праца".


16 узораў па 50 грам — гэта ж амаль літр атрымоўваецца!


"Там на дэгустацыі наліваюць грам 5. На пах, колер і на смак частуюць. Такая колькасць ні на што не уплывае, нават калі вы за руль праз гадзіну сядзеце, алкатэстар нічога не пакажа", — гавораць на вінзаводзе "Колас".


Аказваецца, дэгустацыя мае важнае значэнне ў пладовым віне.


"Можна больш цукру, можна менш цукру дадаць. Можна клубнічны сок, можна вішнёвы сок дадаваць. Можна такое пладовае віно зрабіць, што ніводнае вінаграднае і побач стаяць не будзе".


Праўда, самі вытворцы кажуць, што наўрад ці гэта пакупнікі ацэняць. А вось назвы пладовага віна ацэньваюць не толькі аматары "чарніла". "Сонечная дубрава", "Экспромт", "Ягадка мая" — усе гэтыя назвы прыдумляюць на заводах, часам яны навеяныя тэхнолагам водарам самога віна.


"Назвы самі прыдумваем. Бывае, кніжку адкрываем, якое-небудзь прыгожае слова — ну вось і атрымоўваецца назва. Усе збіраюцца на заводзе, нехта дае назву, усе падумалі, што вось будзе прыгожая назва. "Мелодыі лета" прыгожая назва, чаму не? Ці "Вішнёвы сад" у нас былі віны, туды дадавалася 15 працэнтаў вішнёвага соку".


Вытворцы пладовага сцвярджаюць, што у малых дозах яго піць не шкодна.


"Калі б у нас культура піцця была ў цэлым і мы выпівалі па 200 грам пладовага віна, то гэта было б нармальна. А калі выпіваць па 1,5 літра у дзень, то ніякі арганізм не вытрывае".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі