Адкрыты гандаль наркатычным макам у Мінску спрабуюць спыніць?

“Дзесьці
два тыдні таму ад наркаспажыўцоў па нашых каналах паступіла інфармацыя, што
з’явіліся вялікія праблемы з набыццём “бубак” (насенне маку, змяшанае з
апіоідамі, ― Еўрарадыё). Наркатаксі чамусьці перасталі выязджаць на свае рэйсы,
― распавядае каардынатар грамадскай ініцыятывы “Антымак” Аляксандр Шпакоўскі. ―
На звычайных кропках, пра якія мы ведаем (каля кінатэатра “Аўрора”, на вуліцы
Карбышава, на вуліцы Бельскага каля крамы “Азарэнне”), перасталі рабіць
пастаўкі. Працягвалі гандляваць толькі дзве кропкі ― гэта вядомы кіёск у раёне
Камароўскага рынку і “Сухафрукты” на “Ждановічах” (дакладней, рынак “Лябяжы”, ―
Еўрарадыё)”.
Выпраўляемся
на вядомыя ў сталіцы кропкі, дзе гадамі адкрыта гандлююць “бубкамі”: адна
месціцца ля Камароўскага рынка, другая ― на тэрыторыі гандлёвага цэнтру
“Лябяжы”.
―
Мак ёсць у вас? ― цікавімся ў добра знаёмай “барыгі” на “Лябяжым”.
―
Чаго?
―
Мак.
―
Маку няма.
―
А дзе ёсць?
―
Адкуль жа я магу ведаць, ― адказвае трывожна.
Тая
ж самая гісторыя ― на кропцы ў раёне “Камароўкі”.
Няўжо на “бубачных” гандляроў дазволілі па-сапраўднаму ціснуць упершыню з 2004-га года?
Вядомая кропка па продажы "бубак" на Лябяжым
Знакамітая кропка ў раёне "Камароўкі"
***
Чакалася,
што новая рэдакцыя закону “Аб наркатычных сродках”, які ўступіў у моц
напрыканцы кастрычніка, зможа вырашыць дзве праблемы. Першая ― гэта
бескантрольны ўвоз у краіну сінтэтычных псіхатропаў ― “соляў”, спайсаў,
“міксаў” і іншых так званых “легалак”.
Другая
праблема ― “бубкі”. Наркотыкам гэту субстанцыю упарта не прызнаюць. Аднак у
хатніх умовах наркаспажыўцы “вараць” гэты мак і атрымліваюць раствор, які па
ўздзеянні нагадвае гераін.
На
жаль, нічога пра “бубкі” ў новым законе не сказана, але набыць насенне стала,
як бачыце, больш складана. Прынамсі, у сталіцы.
Так выглядае выкарыстанае насенне маку пасля "варкі"
Па
словах Аляксандра Шпакоўскага, міліцыя даўно спрабуе супрацьдзейнічаць
“бубкам”, але пасля часовых аблаваў гандляры ўрэшце рэшт вяртаюцца на рынак.
Хоць наркотык з “бубак” вараць страшны, “барыгі” рызыкуюць максімум — штрафам
(за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць) ці канфіскацыяй аўто (як выключная
мера), на якім мак развозіцца. Прыняцце ж закону блакуецца іншымі ведамствамі.
“Яно
ў такім рэжыме працаваць доўга не зможа, ― працягвае Аляксандр Шпакоўскі. ―
Два-тры тыдні міліцыя не дасць “барыгам” умоваў для працы. Але пасля “органы”
сцішацца, пераарыентуюцца на нешта іншае. Трэба ж і з амфетамінам змагацца, і з
сінтэтычнымі наркотыкамі. Трэба даваць статыстыку. А “бубкі”, з пункту
гледжання дзейнага закону, ― гэта не наркотык. Наркотык ― гэта рэчыва, якое з
іх зварылі”.
Праблему
опійнага маку неаднаразова падымалі на найвышэйшым узроўні. А спробы яе вырашыць,
па словах каардынатара “Антымаку”, затухалі.
Аляксандр
Шпакоўскі: “І ў лютым, і ў красавіку 2012-га года старшыня камісіі па
нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Ігнат Місурагін адзначаў, што разам з
паняццем “аналагі” будзе ў законе прадугледжана і вырашэнне праблемы з насеннем
маку, якое ўтрымлівае опіўм. Але пасля ў тэкст закона гэта праблема не патрапіла”.
Еўрарадыё:
Ці ёсць у вас здагадкі, хто непасрэдна займаецца “бубачным” бізнэсам?
Аляксандр
Шпакоўскі: Да нас даходзіла інфармацыя, што ёсць былыя супрацоўнікі ўнутраных
войскаў, якія, пэўна, падчас затрыманняў паглядзелі, што гэта выгадная тэма. І
самі пачалі займацца. Другі бок, па нашай інфармацыі, ― гэта прадстаўнікі
злачыннай арганізацыі “Кушнераўскія”, якія спрабуюць кантраляваць сітуацыю з
Расіі.
Еўрарадыё:
Каму, на вашу думку, выгадна распаўсюджванне “бубак”?
Аляксандр
Шпакоўскі: Мы лічым, што існуюць пэўныя камерцыйныя інтарэсы. Некаторыя
бізнесмены, магчыма, цесна супрацоўнічаюць, у тым ліку, з чыноўнікамі. І таму,
калі гэтую праблему падымаюць, яна спускаецца на тармазах. Калі было б патрэбна
прычыніць гэты бізнэс, то ён бы ўжо быў зачынены. Я думаю, што вырашэнне гэтай
праблемы ў наступным: трэба гэтую інфармацыю правільна данесці да прэзідэнта, і
тады будзе, магчыма, жорсткая рэакцыя. Таксама Упраўленне па наркакантролі і
супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС нядаўна ўзначаліў Мікалай Карпянкоў, чалавек
даволі жорсткі, які сутыкаўся з праблемай на ўласныя вочы і ведае, што гэта
такое…
Праблема
з распаўсюджваннем прывяла да чарговага скачку коштаў на опійнае насенне маку.
Пра гэта “Еўрарадыё” паведаміў сталічны урач-нарколаг (імя і прозвішча
спецыяліста наўмысна не называем), які непасрэдна лечыць хворых на “бубачную”
наркаманію.
Урач
нарколаг: “Кошт на “бубкі” рэзка павялічыўся, прыкладна на 100 тысяч. Цяпер ён
складае прыкладна ад 350 да 400 тысяч за кілаграм. Наркаспажыўцы па-ранейшаму
знаходзяць магчымасці купляць “бубкі”.
Па дадзеных дзяржаўнага
Цэнтра маніторынгу за наркотыкамі і наркаспажыванні рэальная колькасць
ін’екцыйных наркаспажыўцоў на канец 2010-га года складала 82 тысячы чалавек. Па
іншых дадзеных яна дасягае 140 тысяч. Практычна ўсе гэтыя людзі спажываюць “бубкі”.