Адамовіч і Сіўчыкаў памірыліся… са скандалам! (фота, відэа)


Перадгісторыя гэтага “літаратурнага” скандала такая. У 2005 годзе выдавец Уладзімір Сіўчыкаў надрукаваў у анталогіі вершаў і песень пра каханне “Яна і Я” два вершы паэта Славаміра Адамовіча. Адамовіч на той час жыў у Нарвегіі – і пра вершы ў кнізе не ведаў. Адпаведна, дазволу Сіўчыкаў у Адамовіча не пытаў – не думаў, што тое можа стацца праблемай. Даведаўся пра гэта Адамовіч толькі месяц таму, калі выпадкова ўбачыў кнігу. Да таго ж, Сіўчыкаў прапанаваў яму гэтую кнігу… набыць, прычым даражэй, чым у краме! Адамовіч раз’юшыўся і запатрабаваў ад Сіўчыкава 10 тысяч долараў кампенсацыі. Праз пару тыдняў, праўда, пагадзіўся на 2 бутэлькі каньяку. Міравую вырашылі падпісаць у кавярні “Бярозка”, куды з журналістаў запрасілі толькі карэспандэнта Еўрарадыё. Прыйшлі абое як на дуэль – з “секундантамі”. Сіўчыкаў прывёў свайго сябра Лявона Баршчэўскага, Адамовіч – свайго сябра Алеся Мазаніка.

 

Адамовіч перайшоў адразу да канкрэтыкі.

Славамір Адамовіч: “Мяне ў дадзены момант цікавіць, ці гатовы спадар Сіўчыкаў прынесці прабачэнні сёння? У адказ на што, калі такія будуць, я пішу распіску, што я да чалавека не маю прэтэнзій – і мы на гэтым развітваемся. Да таго ж, я напісаў умовы: 2 бутэлькі каньяку – за кожны верш па бутэльцы – і кніжка “Яна і Я”.


 

Сіўчыкаў вырашыў прынесці прабачэнні – у своеасаблівай форме.

Уладзімір Сіўчыкаў: “Славамір Адамовіч з гэтай нагоды на свой юбілей дастаткова папіярыўся. Калі яму гэтага недастаткова, і яму будзе прыемна пачуць мае прабачэнні – я гэтыя прабачэнні вам, Славамір, прыношу. Прыношу прабачэнні за тое, што меў неасцярожнасць уключыць вас у сваю анталогію. І ганарова пры сведках абяцаю, што ніколі больш гэтага рабіць не буду. Вас болей у маіх анталогіях ніколі не будзе, калі яны будуць складацца”.


 

Адамовіч патлумачыў, чаму вырашыў адмовіцца ад позвы на 10 тысяч долараў – і пагадзіцца на 2 пляшкі каньяку.

Славамір Адамовіч: “Я зрабіў гэта, каб завяршыць усё максімальна прыстойна. Бо мне каштавала б 250 долараў, каб падаць позву і заплаціць адвакату, каб справу разглядала калегія Вярхоўнага суда”.

 

І тут настаў урачысты момант – перадача двух пляшак.

Уладзімір Сіўчыкаў: “Славамір, ты чалавек хораша адзеты… І ты ў пісьме напісаў: “Акрамя таго, захапіце 2 бутэлькі каньяку – на ваш выбар…”

Славамір Адамовіч: “Так, на ваш выбар”.

Уладзімір Сіўчыкаў: “Я купіў табе французскі каньяк “Мартэль”. 2 бутэлькі, як дамаўляліся. На мой выбар”.

З гэтымі словамі Сіўчыкаў дастаў з торбы і паставіў на стол перад Адамовічам дзве бутэлькі каньяку “Мартэль”… па 50 грамаў кожная!

Славамір Адамовіч: “Я вось уяўляю, што б зрабілі ў такі момант тыя зэкі, тыя воры ў законе, з якімі я 10 месяцаў меў некалі кантакт… Усё, Сіўчыкаў, у вас 15 хвілін, каб пайсці ў бліжэйшую краму!”

Уладзімір Сіўчыкаў: “Цябе не задавальняе французскі “Мартэль”?”

Славамір Адамовіч: “Мне пляваць! Французскі, колькі ён каштуе… Колькі ён хоць каштуе?”

Уладзімір Сіўчыкаў: “Па 70 тысяч”.


Славамір Адамовіч: “У вас 15 хвілін, каб купіць нармальныя бутэлькі, якія ў нас лічацца паўлітровыя. Інакш на гэтым скончым. На вялікі жаль, вы так і не дагналі, што гэта не жарты! Апошняе слова за мной, грамадзянін Сіўчыкаў!”


Сіўчыкаў схадзіў у краму, прынёс Адамовічу дзве паўлітровыя пляшкі каньяку “Барысфен”. “Ты вырашыў, Славамір, узяць колькасцю, а не якасцю”, пасміхнуўся Лявон Баршчэўскі.

   

Лявон Баршчэўскі: “Я сказаў бы так: усё сур’ёзнае залежыць ад таго, наколькі мы сур’ёзна да гэтага паставімся. Сіўчыкаў мусіў спытаць дазволу, але тут мая доля віны, бо я сказаў: дзе мы знойдзем таго Адамовіча цяпер?.. Думаю, сам зыск абыйшоўся б яму даражэй, чым ганарар. Бо нават па самых добрых расцэнках – долар за радок – гэта 50 долараў. За парушэнне правоў – яшчэ нешта. Але гэта якраз на карысць таго, каб абодва беларусы не дзёрлі адзін з аднаго грошы, а лепш гэтыя грошы патрацілі на каньяк!”

 

На гэтым драма развязалася. Адамовіч атрымаў каньяк і кнігу з пісьмовым прабачэннем, а Сіўчыкаў – распіску, што ўсе прэтэнзіі Адамовіч здымае. На развітанне апаненты ўзнялі сімвалічную чарку і разыйшліся ў розныя бакі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі