Абменнікі: Курс знізіўся на 100 рублёў — і людзі зніклі…

“Сёння курс упаў, і людзі сышлі. У дадзены момант людзей ля абменніка няма”, — кажуць у адным з абменных пунктаў банка “Масква-Мінск”.

На другі дзень таргоў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы долар патаннеў на 100 рублёў і цяпер каштуе 8500 рублёў.

У сераду, пасля дадатковай сесіі, людзі масава панеслі валюту ў абменнікі. У некаторых банках нават не хапіла беларускіх рублёў! Так, у абменніках “Масква-Мінск” некалькі чалавек не змаглі памяняць долары на рублі.

Нагадаем, банк “Масква-Мінск” учора купляў долары па 8600 рублёў. Самы ж высокі курс пакупкі долара быў у Банку ББМБ — 8900 (!).

Банк ББМБ: “…даволі доўгая ўтварылася чарга. Даволі шмат было людзей, шмат тэлефанаванняў, вялікая зацікаўленасць… А сёння прайшлі таргі, курс змяніўся. І сёння ўжо не так шмат жадаючых”.

Курс долара ў Банку ББМБ знізіўся ажно на 650 рублёў. Сёння за адзін долар там даюць 8250 рублёў.

Каля абменніка "БПС-банка" ажыятажу сёння таксама няма.

“Каму трэба, падыходзяць, купляюць, каму трэба — здаюць. З учорашняга дня пастаянна ёсць валюта. Але здаюць больш, чым купляюць”, — кажуць там.

Тым часам, у шэрагу абменнікаў па-ранейшаму не хапае беларускіх рублёў!

“Масква-Мінск”: “Сёння таксама ёсць недахоп рублёў. Яны то ёсць, то няма. У залежнасці ад таго, як прыходзяць, як здаюць і купляюць валюту…”.

Прэс-сакратар Нацбанка Аляксандр Цімашэнка кажа, што ў такой сітуацыі банкі вінаватыя самі.

Аляксандр Цімашэнка: “Нацыянальны банк даваў рэкамендацыі пра тое, каб банкі добра падрыхтаваліся да працы абменных пунктаў у новых умовах. Калі хтосьці з банкаў не падрыхтаваўся — пытанні да іх”.

Магчыма, банкі проста не чакалі, што ў першы ж дзень валюту пажадае здаць так шмат людзей, тлумачаць Еўрарадыё ў адным з іх.


Банк: “Магчыма, хтосьці не быў гатовы да такой сітуацыі, хтосьці не быў гатовы да такіх курсаў”.

Так, у адным Гомелі за другую палову дня 14 верасня людзі здалі больш за 100 тысяч долараў! А па ўсёй краіне ў сераду купілі валюты ў абменніках у 5-6 разоў менш, чым здалі.

Эканаміст Дзмітрый Крук упэўнены, што хутка беларускія рублі ў банках з'явяцца зноў. Вялікай праблемы тут няма, кажа эксперт.

Дзмітрый Крук: “Хутчэй за ўсё, банкі не разлічвалі проста на тое, што ў першы ж дзень будзе такая вялікая прапанова долараў з боку насельніцтва. І таму яны проста не зрабілі дастатковага рэзерву беларускіх рублёў. Але як такой праблемы з забеспячэннем ліквіднасці ў нацыянальнай валюце няма. Гэта вельмі кароткатэрмінова. Тое, што банкі змогуць забяспечыць попыт на нацыянальную валюту, — гэта 100%. Гэта можа працягвацца дзень-два-тры, не болей”.

Як будуць далей развівацца падзеі, залежыць ад вынікаў наступных таргоў… Па дзвюх сесіях высновы рабіць рана. Курс можа як працягнуць зніжацца, гэтак і пайсці ўгару, мяркуе Дзмітрый Крук:

“Для таго, каб зразумець нейкую пэўную тэндэнцыю, трэба яшчэ паназіраць на працягу тыдня-двух. Тады можна будзе казаць пра нейкую выразную тэндэнцыю. Бо тое, што адбывалася ў гэтыя 2 дні, — дастаткова невялікі аб'ём таргоў. І тыя курсы, якія мы маем на сёння… 100-працэнтнай гарантыі, што яны адлюстроўваюць рэальнасць, тэндэнцыі ў знешнім гандлі і на айчынным грашовым рынку, у мяне няма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі