400 актывістаў “Гавары праўду” рыхтуюць глебу для парламенцкай кампаніі

“Гавары праўду” фактычна пацвердзіла свой удзел у выбарчай кампаніі ў парламент. Ад 27 чэрвеня каля 400 актывістаў грамадзянскай кампаніі па ўсёй краіне будуць абыходзіць дамы, інфармуючы грамадзян краіны аб высоўванні кандыдатаў.

Як паведаміў журналістам Сяргей Вазняк, гэта будзе своеасаблівай падрыхтоўкай да пачатку кампаніі, якая афіцыйна павінна стартаваць 15 ліпеня. Вазняк паведаміў, што людзей будуць апытваць па двух галоўных ініцыятывах – “Ці лічаць людзі неабходным заканадаўча замацаваць кампенсацыю ўкладаў, якія людзі згубілі ў выніку няправільных дзеянняў урада” і “Ці лічаць людзі неабходным, каб усе кіраўнікі выканкамаў выбіраліся, а не прызначаліся зверху”.

На прэс-канферэнцыі таксама была агучаная лічба кандыдатаў у дэпутаты з ліку актывістаў “Гавары праўду” – іх будзе 27. Разам з тым кіраўнікі грамадзянскай кампаніі паведамілі, што гэта не канчатковая лічба. Яна можа як павялічыцца, так і зменшыцца.

Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Вазняк таксама расказалі, што “Гавары праўду” падтрымае і кандыдатаў ад іншых партый і рухаў, калі яны пагодзяцца з палажэннямі “Грамадзянскай дамовы”. “Хоць Мілінкевіча”, -- жартаваў Дзмітрыеў.

Нагадаем, што выбары ў беларускі парламент пройдуць 23 верасня. Афіцыйная выбарчая кампанія пачынаецца 15 ліпеня. Лідары “Гавары праўду” – Уладзімір Някляеў, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Вазняк – не могуць прымаць у ёй удзел праз непагашаныя судзімасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі