1 верасня споўнілася 83 гады з дня нараджэння Расціслава Лапіцкага

Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута на Віленшчыне ў сям'і праваслаўнага святара. У часе Другой сусветнай вайны разам з сям’ёй апынуўся ў Кабыльніку на Мядзельшчыне. Тут у 1944 годзе Расціслаў упершыню ўлучыўся ў патрыятычны рух.

Увосень 1949 года апынуўся ў Смаргоні, дзе назбіраў паўтара дзясятка аднадумцаў. Маладзёны распаўсюджвалі антысавецкія ўлёткі, кожная з якіх заканчвалася заклікам: “Смерць Сталіну!”. Лапіцкага разам з паплечнікамі даволі хутка вылічылі і схапілі.

15 чэрвеня 1950 года ў Маладзечне адбыўся суд над патрыётамі — пераважна вучнямі 7-10 класаў Смаргонскай і Мядзельскай школ, некаторымі навучэнцамі з Мінску. Іх абвінавачвалі не толькі ў “варожай прапагандзе”, але і ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў.

Бальшыня маладых падпольшчыкаў атрымала па 25 гадоў. Лапіцкага і яго паплечніка Несцяровіча як кіраўнікоў арганізацыі прысудзілі да пакарання смерцю. Расціслаў адмовіўся прасіць памілавання. 28 кастрычніка 1950 года яго расстралялі. Хлопцу было ўсяго 22 гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі