Імпарцёры: Цэны на каву паднімуцца, нават калі з’явіцца валюта

Еўрарадыё пагутарыла з буйнымі імпарцёрамі прадуктаў харчавання ў Беларусь. Амаль кожны з іх сутыкнуўся з дэфіцытам валюты.

Так, адзін з пастаўшчыкоў кавы і гарбаты на беларускі рынак (у гэтым артыкуле мы не будзем называць фірмы-імпарцёры. На ўсялякі выпадак) кажа, што іх становішча вельмі дрэннае. І нават калі валюта з’явіцца, кошты ўсё адно вырастуць:

“Цяпер у імпарцёраў вельмі дрэннае становішча. З-за таго, што ў нас праблемы з валютай, мы не можам разлічыцца. Натуральна, нам ніхто не будзе нічога пастаўляць без грошай.

Цана вырасце ў любым разе. І таму, што няма імпарта — вядома, яна вырасце праз гэта. Але нават калі і будуць прадаваць валюту, дык будуць прадаваць яе па абсалютна іншым курсе. Цяпер жа не прадаюць па курсе Нацбанка. А курс закладваецца ў цану”.

Некаторыя прыватныя імпарцёры праз немагчымасць завезці новы тавар “чысцяць” склады. Пра гэта паведамілі Еўрарадыё ў адной з мінскіх фірмаў, што займаецца імпартам кавы:

“Попыт якім быў, такім і застаўся… Проста трэба чакаць, што рабіць. Пакуль я спакойна працую, бо запасаў у мяне хапае”.

Практычна ўсе прыватныя імпарцёры маюць праблемы з закупкай валюты, распавёў у інтэрв’ю Еўрарадыё сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. Закранула гэта абсалютна ўсе сферы:

“Валюта — яна ўніверсальная. Ёсць імпарцёры, якія пастаўляюць матэрыялы і камплектуючыя для прамысловасці, ёсць імпарцёры, якія купляюць прадукты харчавання. Тут розніцы ніякай няма”.

У сувязі з нестабільнай сітуацыяй з курсам долара некаторыя імпарцёры проста баяцца ўвозіць прадукцыю, працягвае Маргелаў:

“Ёсць высокаабарачальныя тавары, дзе ёсць магчымасць іх хутка прадаць і хутка атрымаць грошы. Тут адносна можна прадугледзець курс долара. Але калі гэта доўгайграючая пазіцыя, а такіх даволі шмат... Напрыклад, элітная кава. Яе прадаюць доўга. Таму, як правіла, гэтыя тавары, часцей за ўсё, на тэрыторыю Беларусі сёння не пастаўляюцца. Завезці і аддаць у гандаль можна, але курс зменіцца, а цану пасля не зменіш… А калі яна 2 месяцы будзе прадавацца?

Ну, вы самі разумееце. Розніца вялікая — ці то 3000, ці то 4200! Пакуль такая сітуацыя будзе працягвацца, цэны старымі быць не могуць”.

З прылаўкаў будуць знікаць самыя розныя імпартныя тавары. А паколькі попыт на іх застанецца ранейшым, дык, паводле законаў эканомікі, усе яны падаражэюць. Ужо сёння гэта можна назіраць, у прыватнасці, па алеі.

Маргелаў: “Напрыклад з алеем сёння ў Мінску праблемы. Па 8 тысяч быў алей у опце, цяпер пакуль няма”.

Некаторыя прадпрымальнікі цэны зніжаюць. Але такіх няшмат, адзначае Маргелаў:

“Ёсць розныя сітуацыі. Ёсць, што людзі ўклаліся, ім няма куды дзявацца. Ім трэба рэалізоўваць тое, што яны ўжо набылі за мяжой, таму што трэба жыць, трэба плаціць за арэнду, падаткі плаціць. Таму, некаторыя імпарцёры цэны зніжаюць. Але гэта далёка не заўсёды”.

Еўрарадыё датэлефанавалася на яшчэ адно прадпрыемства, што імпартуе не толькі каву і гарбату, але і розныя іншыя прадукты харчавання. Там і радыя былі б адказаць на нашыя пытанні — але спаслаліся на тое, што ім “цяпер не да таго”:

“З вамі на гэтую тэму ніхто размаўляць не будзе. Мы цяпер занятыя — і з гэтым цукрам, і з гэтым алеем. Столькі праблемаў! Мы як прыходзім у 8:00 — так і сыходзім а 10-й увечары! Разумееце? Не да гэтага”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі