Рэпетыцыя казантыпу атрымалася

У ноч з 14 на 15 ліпеня нарэшце адбылося тое, чаго даўно чакалі ўсе прыхільнікі самага вядомага на пастсавецкай прасторы рэйверскага фестывалю КаZантып, афіцыйнае адкрыццё якога сёлета запланавана на 29 ліпеня. У мінскіх клабераў была рэальная магчымасць падрыхтавацца да КаZантыпа на open air усяго ў 10 кіламетрах ад Мінска. На даху матэлю Інтурыст, што на Пцічы, прайшоў Pre-Zet Open Air.

Паці пачалася, як і абяцалі ў 23 гадзіны з выступу Dj’s Vadim Key і Alex Skibа. Нягледзячы на тое, што народ толькі пачынаў збірацца, на танцпляцы ўжо актыўна танчыла прыкладна 200 чалавек. Менавіта тады і стала зразумела, што вечарына абяццае быць “спякотнай”.

Прыкладна а 12-ай народ пачаў энтэнсіўна падцягвацца. Не пашанцавала таму, хто ў гэты час прыехаў на сваім аўто – месцаў для паркоўкі ўжо катастрафічна не хапала.

Колькасць аматарў электроннай музыкі ўвесь час расла. І ўжо ў 1.30, калі пачаў свой выступ Сяргей Дзямідаў, на пляцоўцы было каля тысячы чалавек.

Пасля Дзямідава, недзе а палове на трэцюю за дыджэйскі пульт узышла Алена Папова. Як і чакалася яна сваім “моцным” тэхна проста “парвала” ўвесь танцпляц. Асабліва ўражвалі minimal i deep устаўкі, Лена нібыта давала адпачыць перад новым узрывам жорсткага тэхна.

Існавала толькі маленькая праблема: сысці з танцпляца, калі грала Лена было амаль немагчыма: на лесвіцы, якая вяла на дах утварылася вялікая чарга, прабіцца праз якую меней чым за 30 хвілін было сапраўды гераічным учынкам.

Нагадаем, што Лена Папова – не звычайная дыджэйка з Пецярбургу. І не толькі таму, што гэта самая “доўгаграючая дзяўчына тэхна-дыджэй”. Сёння Лена з’яўляецца куратарам “Піцерскага шчасця” на Каzантыпе і да таго ж узначальвае фэмэйл кам’юніці дзяўчат-дыджэяк “Правансаль”, у межах дзейнасці якога перыядычна арганізуюцца вечарыны.

Але ж вернемся да беларускіх Dj’s, якія працягвалі пасля выступу рускіх хэдлайнераў. Пасля Паповай на “арэну” выйшаў Mihas, які, дарэчы, прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыя самаго мерапрыемства, дый адыграў вельмі няблага, на ўзроўні рускіх калег.

Скончылася мерапрымства прыкладна а палове на восьмую выступам беларускага Dj Shimanskill. Але нават у гэты час яшчэ заставаліся жадаючыя працягваць вечарыну.

Менавіта для іх было арганізавана after party у кавярні “Кіпрыяна”, куды і паехала тая нястомная частка мінскіх тусоўшчыкаў.

Як дазналася Еўрарадыё, усяго было прададзена каля 1000 квіткоў. Калі да гэтай сумы дадаць людзей, якія трапілі на вечарыну па запрашэннях і арганізатараў, становіцца зразумелым, што даху матэля было сапраўды “не салодка”. Да таго ж, прыкладна такая ж колькасць народу не падымалася на сам танцпляц, а тусавалася ўнізе, вакол самога матэля. Але не гледзячы на такую масавасць, народ адпачываў і рабіў гэта прыгожа.

Цяпер можна смела сказаць, што рэпетыцыя казантыпу сапраўды ўдалася! Застаецца чакаць самога свята свабоды і аранжавага шчасця ў Рэспубліцы Z.


Фота — http://electrokids.org/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі