Re:Песняры: Рэспект у дазволенай ступені

"Мне здаецца, што "Песняры" цяпер асабліва не ўплываюць на наша пакаленне, і ў нейкім сэнсе іх не асабліва слухаюць. Але яны ўжо паўплывалі. Яны зрабілі пэўны ўнёсак, пасля чаго тое, што робіцца сучаснымі музыкамі, сутыкаецца з тым, што зрабілі яны", — мяркуе рэпер SP Kava. Малады музыка выказвае свой рэспект "Песнярам" удзелам у канцэрце-трыб'юце славутаму гурту з чытанкай-лістом да Янкі Купалы і Уладзіміра Мулявіна ад нашчадкаў.

Праект "Re:Песняры" задуманы і ўвасоблены музычным парталам Tuzin.fm і яго рэдактарам Сяргеем Будкіным. Яго мэта — выказаць пашану калектыву, які сёлета святкуе 45-гадовы юбілей, і ўплесці яго творчасць у сучасны беларускі музычны кантэкст.

Сяргей Будкін і SP Kava

Падчас падрыхтоўкі трыб'юта Сяргей патрапляе амаль у паралельную рэальнасць, дзе ідуць разборкі наконт спадчыны "Песняроў". Палкі ў колы ініцыятыве ставіць жонка Уладзіміра Мулявіна Святлана Пенкіна, якой належаць выключныя правы на творы яе мужа, і кампазітар Алег Моўчан, які не дазваляе ўключаць у праект яго знакамітую "Малітву". Адпаведна, з 12 песень, якія планавалася прадставіць публіцы, свет убачылі толькі 9. А на канцэрце-трыб’юце “Песнярам” слухачы чуюць яшчэ менш.

Памятаючы ажыятаж вакол першага трыб'юта "Песнярам" "Песнярок", які курыраваў сам Уладзімір Мулявін напрыканцы 90-х, пытаемся ў Аляксандра Памідорава пра сэнс сённяшняга праекта. Вядучы былой канцэртнай прэзентацыі "Песнярка" кажа, што такое пытанне ўвогуле не павінна стаяць:

Аляксандр Памідораў

""Песняры" спалучалі беларускую традыцыю з тагачаснымі папулярнымі рэчамі. Фактычна, "Песняры" у свой час вялі асветніцкую дзейнасць. Напрыклад, тая песня, якую мы выконваем у трыб'юце ("Скрыпяць мае лапці"), прабачце, але гэта "Мagic Bus" гурта "The Who". Але нельга казаць, што гэта копія. Гэта цалкам арыгінальная рэч. Мы не мусім гэта губляць, мы не мусім пра гэта забывацца. Трэба пераасэнсоўваць іх творчасць. І мне вельмі хацелася б, каб выйшаў дыск з цяперашнім трыб'ютам, бо атрымаўся вельмі якасны прадукт".

Прэм'ера праекта пабудаваная так: падчас свайго сэту музыкі спяваюць абраны трэк "Песняроў" і выдаюць колькі сваіх песень.

Зміцер Вайцюшкевіч

Адкрывае канцэрт, як ні дзіўна, ужо некалькі гадоў як "забаронены" Зміцер Вайцюшкевіч. Музыка вельмі пранікнёна выконвае знакамітую "Вераніку" пад акампанемент джазменаў Канстанціна Гарачага і Вячаслава Сяргеенкі. Пасля на сцэне з'яўляюцца Сяргей Пукст са сваім бэндам, рэперы SP Kava i Angst і гурт Tonqixod, чые версіі песняроўскіх песень яўна далёкія ад разумення публікі, якая не тое, што не чуе тут "Песняроў", а ўвогуле забываецца, што сёння за канцэрт.

"Тое, што было сёння да Памідорава, па сутнасці, можна было ўвогуле выкінуць з праграмы: і публіка была мёртвая, і ўсё мёртвае, — абураецца вялікая прыхільніца "Песняроў" Наталля. Таму што не было "Песняроў". Зноў жа, анансаваць "Песняроў" і пускаць сольныя канцэрты, мабыць, не зусім правільна. То бок, калі вы робіце адно, вы робіце гэта комплексна ад пачатку да канца. І так, каб людзі разумелі, пра што ідзе гаворка. То бок, выконваць "Песняроў" у стылі рэп, ну, напэўна, Мулявіну не спадабалася б".

А вось Вячаслаў Шарапаў, кіраўнік дзяржаўнага ансамблю "Песняры", так не лічыць:

"Уладзімір Георгіевіч заўсёды ўсё ўхваляў. Таму што ён быў вельмі добры чалавек, добрасардэчны. Таму, думаю, ухваліў бы і на гэты раз таксама".

Вячаслаў Шарапаў

Дарэчы, выступ "Песняроў" у "Рэпабліку" стаў яшчэ адной падзеяй вечара. Упершыню "Касіў Ясь канюшыну", "А ў месяцы верасні", "Завушніцы" гучалі ў рок-клубе. Падавалася, знакаміты ансамбль на нейкі час перастаў быць дзяржаўным, а стаў крыху нашым, клубным, блізкім. Праўда, тут Вячаслаў Шарапаў крыху нас расчароўвае:

"Мы заўжды выступаем для самай рознай публікі, таму для нас не мае аніякай розніцы ў тым, перад кім і як. Галоўнае, каб быў жывы гук, галоўнае, каб усё было па-сапраўднаму".

Пасля харавога выканання твораў "Песняроў" разам з БДА "Песняры", публіка суцішваецца пад звыклыя сэты Akute і Naka.

"Акурат была мэта паказаць пераменнасць пакаленняў, — тлумачыць ідэю прэзентацыі Сяргей Будкін. — І абсалютна натуральна, што гурты пагружалі творчасць "Песняроў", то бок, песню, якую яны выбралі пра праекта, у свой творчы кантэкст. Таму трэба было паказаць людзям неабазнаным, што яны самі сабой уяўляюць, і як гэтыя песні ўжываюцца з іх уласнымі песнямі. Таму гэты крок быў цалкам апраўданы".

Вячаслаў Шарапаў з "Песняроў" адзначае важнасць праекта, маўляў, "пакуль ёсць такія праекты, "Песняры" жывуць". Праўда, на фізічных носьбітах трыб'ют "Re:Песняры" ўсё ж не выйдзе:

"Дыска не будзе. Таму што вырашылі не выдаваць дыск у кастрыраваным выглядзе. Таму што планавалася 12 песень плюс бонус, а паколькі Святлана Пенкіна забараніла выкарыстоўваць песні аўтарства Мулявіна, то мы пазбавіліся вельмі класнай харавой версіі песні "Пагоня" у выкананні хора "Унія", раскладзенай на 16 галасоў. Пазбавіліся арыгінальнай версіі "Александрыны" Пукста і "Завушніц" "Палаца". Насуперак закону мы не пойдзем. Таму дыск з 10 песнямі, мне здаецца, няма сэнсу выдаваць. Мы выказалі рэспект да той ступені, да якой нам дазволілі некаторыя людзі," — рэзюмуе Сяргей Будкін.

Прапануем паслухаць песні праекта "Re:Песняры" і ўзгадаць першы трыб'ют легендарнаму гурту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі