Рэгулявалі, ды не адрэгулявалі. Што адбываецца на рынку лекаў

Эксперты папярэджвалі аб дэфіцыце. Падобна на тое, ён пачынаецца / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Чыноўнікі за апошні час не раз прыдумлялі розныя новаўвядзенні, каб адрэгуляваць асартымент і кошты на рынку медпрэпаратаў у Беларусі. То імпартазамяшчаюць, то ўсталёўваюць гранічныя цэны на асобныя прэпараты. 

З апошняга — з 6 кастрычніка ўвялі мараторый на павышэнне коштаў, у тым ліку на лекі. Ужо 19 кастрычніка яго адмянілі. Аднак чыноўнікі адзначылі, што цэны на лекі і так рэгулююцца некаторымі дакументамі. 

А з 11 лістапада імпарцёраў лекаў, медтавараў і тэхнікі абавяжуць зніжаць кошты на іх, калі беларускі рубель будзе ўмацоўвацца да іншых валют. Такія змены прапісаны ва ўказе Лукашэнкі № 380.

— Пры росце курсаў нацыянальных валют у адносінах да беларускага рубля суб'екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў, як правіла, паднімалі кошт лекавых сродкаў. Аднак пры ўмацаванні курсу беларускага рубля яны кошт лекавых сродкаў не пераглядалі ў бок зніжэння. Нормы, якія ўводзяцца ўказам кіраўніка дзяржавы, уносяць справядлівасць у дадзеным пытанні. Тым самым з'яўляецца абавязак суб'екта гаспадарання пры ўмацаванні курсу беларускага рубля да замежнай валюты пералічваць кошты лекаў у бок зніжэння,пракаментаваў новаўвядзенне начальнік упраўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, цэнаўтварэння і дзяржаўнай маёмасці Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Калістратаў.
 

Дэфіцыт лекаў на фоне росту коштаў

Між тым беларусы адзначаюць, што за апошнія пару месяцаў асартымент у аптэках змяніўся даволі моцна. Некаторыя імпартныя лекі цяпер проста не дастаць. А кошты ўсё адно ідуць уверх.

Беларусы ўжо сутыкнуліся з дэфіцытам у аптэках / Еўрарадыё

П'ю "Астэагенон " — французскія лекі. Спачатку на іх выраслі цэны. Упакоўка каштавала 50-70 рублёў. Потым яны зусім зніклі з аптэк. Доктарка прапанавала стаць у чаргу, маўляў, як прывязуць, дык можна будзе купіць. Вось стаю ўжо некалькі месяцаў, і нічога. Прасіла знаёмых прывезці з Масквы. Там упакоўка каля 40 рублёў абышлася. Глядзела на польскіх сайтах, там упакоўка каштуе на нашы 16-20 рублёў, — распавядае мінчанка Валерыя. — Прапануюць аналагі. Імпартныя таксама ёсць. Але яны мне не падыходзяць.  

Іншыя пакупнікі заўважылі адсутнасць у продажы яшчэ некалькіх лекаў.

"Лідаксор гель" шукалі ў нас некалькі месяцаў, але так і не знайшлі. "Гальвус" — гэта швейцарскі прэпарат для дыябетыкаў — ёсць толькі ў адной сеткі аптэк. Каштуе 40 з лішнім рублёў. Раней ён быў і ў іншых сетках, можна было выбраць танней, таму што кошты адрозніваліся, — дзеліцца Уладзімір. — Не знайшлі ні ў аптэках, ні на сайце для пошуку лекаў "Вабэнзім". Раней можна было амаль у любой аптэцы купіць. "Ферафола" ў Мінску няма. Калі верыць пошукавіку, у іншых гарадах ёсць, але, хутчэй за ўсё, са старых запасаў, таму што павольней разбіраюць. Стараюся заўсёды купляць імпартныя прэпараты. Расійскім і беларускім наогул не давяраю. Ды і былі прэцэдэнты: п'еш імпартныя лекі — усё добра, купляеш наш аналаг — то страўнік баліць, то сып, то яшчэ што-небудзь.
 

Што кажуць аптэкары

Тое, што некаторыя лекі зніклі з продажу, а поўныя аналагі іншых вытворцаў прапанаваць не заўсёды ёсць магчымасць, пацвярджаюць і работнікі аптэк. 

Знікаюць нават аналагі асобных лекаў / pexels.com

Насамрэч у нас і раней даволі часта мяняліся прэпараты ў продажы, да прыкладу, ліцэнзію не падаўжалі, і ўсё. Але заўсёды можна было замяніць іх чымсьці, што не саступае па якасці. Цяпер часам такой магчымасці няма. І магу прапанаваць пакупніку альбо нічога, альбо беларускае нешта. Можа, наша ў нейкіх выпадках і не горш, але некаторыя людзі ўсё ж такі хочуць імпартнае,  распавёў нам работнік адной са сталічных аптэк.  Так, праблемы з наяўнасцю асобных лекаў сапраўды ёсць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.