Развітальная вечарына ад I.F.U. Дубль другі і апошні

Адзін з лепшых беларускіх дыджэяў больш не жыве ў Мінску. У сераду ён прыляцеў у Лондан, дзе збіраецца далей вучыцца і працаваць. Сваю апошнюю мінскую вечарыну I.F.U. — Аляксей Кутузаў — зрабіў у "Графіці", і граў  на ёй 5 гадзін нон-стоп. [Image]

Насамрэч, I.F.U. год таму ўжо рабіў развітальную вечарыну, нават развітальны ўікэнд. Але планы не спраўдзіліся і Аляксей затрымаўся ў Мінску. Усім ад гэтага было радасна, можа, акрамя самога I.F.U.

[Image]
 
Гэтым разам з планамі ўсё атрымалася. Аляксей, як і казаў Еўрарадыё ў лютым, паехаў у Лондан вучыцца ў SAE Institute на гукавога інжынера. Так што развітальная вечарына, якую Кутузаў назваў “Deep Inside of Me”, аказалася сапраўды развітальнай.

[Image]

Яна прайшла 19 верасня ў паб-клубе “Графіці”, дзе апошнім часам сталі адбывацца не толькі канцэрты і піўныя пасядзелкі, а яшчэ і дыджэйскія вечарыны з танцамі да 3-х раніцы.

[Image]

Развітальны сэт ад I.F.U. доўжыўся 5 гадзін. Аляксей амаль не адыходзіў ад пульта, шмат курыў, віншаваў сяброў то з днём нараджэння, то з вяселлем, прымушаў людзей скакаць, вышэй уздымаць піўныя куфлі і крычаць. Напрыканцы заміксаваў “This is the end” ад The Doors і такім чынам паставіў кропку.

[Image]
 
Падчас доўгага сэту, Еўрарадыё паразмаўляла з некаторымі наведвальнікамі і папрасіла прыгадаць самую яскравую вечарыну з удзелам I.F.U.

[Image]

Зміцер Падзім, музычны вандроўнік: "Адна з тых вечарын, якая мне запомнілася, была ў Лондане ў клубе The Egg. Гэта быў 2004 год і я толькі пачынаў адкрываць для сябе брэйкс і сучасную электронную музыку. Дарэчы, на той вечарыне я ўпершыню і пазнаёміўся з I.F.U."

[Image]

DJ Techo: "Дзень народзінаў Змітра Падзіма за 200 км ад Мінску ля возера Нарач. Гэта быў месяц травень — першае цяпло, першае сонейка ўдзень, першая цёплая ноч і вельмі-вельмі неблагі сэт, які граў Аляксей цэлую ноч адзін і бэк-ту-бэк з дыджэем Індусам".

[Image]

Shurikaa, дызайнер: “Я зараз заплачу, гэта было ў 1995 годзе… Шчыра, раней ён быў лепшым. Зараз ён пасталеў і стаў сур’ёзную музыку граць, а я несур’ёзны! Але вось на сённяшняй вечарыне ён, нарэшце, таксама несур’ёзны, таму мне падабаецца зараз!”.

[Image]

DJ Kendoo: “На Лёшу я спецыяльна не хаджу. Ён мой сябар, мы з ім так бачымся... Ну ты ж не прыходзіш на працу да свайго сябра і не кажаш: о, як ты класна працуеш! Не, ты прыйдзеш да сябра ў пятніцу і прапануеш разам папіць піва. Але вечарына, на якой я дакладна быў – гэта на мой дзень нараджэння, тут жа, у “Графіці”, тыдзень таму. Мне вельмі спадабалася!”

[Image]

DJ Lena Lectra: “Самыя лепшыя вечарыны, мне здаецца, у яго дома былі, калі ён не граў, а проста ставіў кружэлкі з добрай музыкай. Проста так часта бывала, што пасля вечарын мы ехалі да яго і там сустракалі раніцу, спакойна, у кампаніі сяброў, з чашкай піва...”

На шостым чалавеке Еўрарадыё зразумела, што ў кожнага ў памяці сядзіць свая вечарына, якіх, аказваецца, было безліч, і працягваючы ў такім тэмпе, можна было б зрабіць прадрабязную храналогію выступленняў і перамяшчэнняў Аляксея Кутузава, але — навошта яно патрэбна. Лепш пачакаем на новыя выступленні. Калі не ў Мінску, то, што рабіць, прыйдзецца дабрацца да Лондана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі