Разгляд справы "Алесь Міхалевіч супраць "СБ" перанесены на панядзелак

На панядзелак перанесены разгляд справы ў судзе Савецкага раёна па пазове Алеся Міхалевіча, намесніка старшыні Партыі БНФ, да газеты "Советская Белоруссия" і яе аўтара Арцёма Чалядзінскага. Апошні, дарэчы, аказаўся Паўлам Якубовічам, галоўным рэдактарам выдання. Нагадаем, 11 студзеня сёлета "СБ" надрукавала артыкул, у якім згадваліся апазіцыйныя палітыкі Алесь Міхалевіч і Аляксандр Мілінкевіч. Яны, на думку аўтара, "ніколі ў жыцці" не вырасцілі і не прадалі вядра бульбы. Міхалевіча гэтае сцверджанне абразіла і ён падаў у суд.

Акрамя абвяржэння, Міхалевіч збіраецца спагнаць з прэзідэнцкага выдання кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 6160 рублёў - цаны вядра для бульбы.

Сённяшні разгляд справы доўжыўся 35 хвілін, за гэты час выступілі прадстаўнікі бакоў. Якубовіч перадаў заяву з просьбай разглядаць справу ў яго адсутнасць. Паводле юрыста прэзідэнцкага выдання, Павел Якубовіч у згаданай публікацыі "ўжыў літаратурны прыём".

Вось што сказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё пра перанос разгляду справы на панядзелак Алесь Міхалевіч:

"Я гэта трактую толькі як жаданне суда даведацца меркаванне ўладаў. Ні для каго не сакрэт, што прэзідэнт прызначае суддзяў асабіста, а газета "Советская Белоруссия" з'яўляецца афіцыйным органам адміністрацыі прэзідэнта".