Разбор палётаў: Валер Карбалевіч — пра наступствы затрымання Рамана Пратасевіча

Разбор палётаў: Валер Карбалевіч — пра наступствы затрымання Рамана Пратасевіча

Прызямленне ў Мінску самалёта RyanAir, на якім з Афінаў у Вільню ляцеў Раман Пратасевіч, справакавала дзясяткі заяў ад палітыкаў самага высокага ўзроўню. Ёсць дзяжурнае “выяўленне заклапочанасці”, а ёсць і радыкальныя заявы. Чаго інцыдэнт будзе каштаваць Беларусі? У эфіры Еўрарадыё палёты разбірае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Паверыць у версію “выпадковага мініравання” самалёта з Пратасевічам на борце — цяжка

— Гэтая версія супярэчлівая, нават калі глядзець на інфармацыю, якую даюць афіцыйныя медыя. Напрыклад, тэлеграм-канал “Пул першага” паведамляе, што пра сітуацыю было даложана Лукашэнку і ён даў безагаворачную каманду самалёт “разварочваць і прымаць”. То-бок не сам экіпаж прыняў рашэнне разварочваць, а Лукашэнка даў каманду.

Другі момант: дзеля чаго быў падняты ў паветра вайсковы самалёт-знішчальнік МіГ-29? Асаблівага сэнсу ў гэтым няма. Калі на борце сапраўды была бомба, дык як знішчальнік мог дапамагчы перадухіліць выбух? Магчыма, гэта быў ціск на экіпаж.

Зноў жа, калі там сапраўды была бомба, бліжэйшы аэрапорт быў у Вільні. Да яго засталося 73 км, 10 хвілін лёту. Да літоўскай мяжы — 30 кіламетраў, 2 хвіліны. А да мінскага аэрапорта — адлегласць у некалькі разоў большая. Таму лагічна, каб самалёт шукаў бліжэйшы аэрапорт. А ён павярнуў на поўдзень, потым на ўсход і прызямліўся ў Мінску.

Нават IATA лічыць, што самалёт змусілі зрабіць пасадку

— Тое, што адбылося, супярэчыць Чыкагскай канвенцыі. І сама авіякампанія RyanAir падцвярджае гэтую версію, што самалёт сеў па настойлівай прапанове мінскіх дыспетчараў. А ўжо сёння кіраўнік RyanAir заявіў, што гэта было актам спансуемага дзяржаўнага пірацтва. Таму версія беларускага боку моцна супярэчыць версіі міжнародных арганізацый. Паводле таго ж кіраўніка RyanAir, у Мінску сышло некалькі пасажыраў. Хто яны? Хутчэй за ўсё, гэта супрацоўнікі КДБ.

 

Рэакцыя Расіі: пра сумесную аперацыю КДБ і ФСБ казаць заўчасна

— Пакуль няма ніякіх фактаў, што пацвярджаюць гэтую версію. Так, у Мінску самалёт пакінулі некалькі грамадзян Расіі. Але магчыма, гэта супрацоўнікі КДБ прыкрываліся расійскімі пашпартамі. Магчыма, гэта былі сапраўды грамадзяне Расіі, якія збіраліся ляцець у Маскву. А з Мінска да Масквы карацей, чым з Вільні ў Маскву. І калі ўжо з’явілася нагода, то далей яны не паляцелі.

Такая “спецаперацыя” — і дзеля Рамана Пратасевіча?

— Я думаю, што беларускае кіраўніцтва добра разумела, які скандал выклічуць ягоныя дзеянні. Перахоп грамадзянскага самалёта вайсковым знішчальнікам — занадта нават для Лукашэнкі. Тым не менш беларускія ўлады пайшлі на гэта. Можна вылучыць версію, што затрыманне Рамана Пратасевіча было прадухіленнем рэальнай пагрозы будучай дэстабілізацыі сітуацыі.

Але Пратасевіч ужо не працуе на буйным тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім. Таму лічыць, што ён уяўляў вялікую пагрозу ў будучых пратэстах, — малаверагодна. Хутчэй за ўсё, гэта помста чалавеку, які прынёс уладзе шмат непрыемнасцей у мінулым годзе. І гэта папярэджанне беларускай апазіцыі за мяжой: у нас рукі доўгія. Думаю, беларускія ўлады не цікавяцца негатыўнымі наступствамі, якія могуць узнікнуць у адказ. Усё прыносіцца ў ахвяру імгненнаму маральнаму задавальненню.

Разбор палётаў: Валер Карбалевіч — пра наступствы затрымання Рамана Пратасевіча

Мінск пачынаюць разглядаць як праблему для міжнароднай бяспекі

— Раней Захад разглядаў сітуацыю ў Беларусі як унутраную гуманітарную праблему. Пасля гэтага інцыдэнту Еўрасаюз і ЗША успрымуць беларускае кіраўніцтва як праблему для міжнароднай бяспекі. Гэта ўжо іншы статус.

Тут можа ўзнікнуць паралель з падзеямі ў небе над Данбасам у 2014 годзе, калі быў збіты малайзійскі “Боінг”, у якім былі грамадзяне еўрапейскіх краін. Пасля гэтага з’явіліся рэальныя санкцыі супраць Расіі.

Думаю, рэальныя дзеянні ЕС будуць. Магчыма, паскораць прыняцце 4-га пакета санкцый і павялічаць іх маштаб. Магчымыя дзеянні адносна “Белавіі”. Авіякампанія AirBaltic ужо адмовілася лятаць над Беларуссю.

Невядома, каму ад гэтага будзе горш: беларускім уладам, якія панясуць фінансавыя страты, ці беларускім грамадзянам, якім будзе моцна абцяжараны ўезд у Еўропу. Калі транспартныя кампаніі вымусяць аб’язджаць Беларусь — гэта будуць вялікія страты і для еўрапейскіх, і для расійскіх кампаній, бо Беларусь — краіна транзітная.

 

Сітуацыя з бортам Ryanair наўрад ці дойдзе да суда

— Не ведаю, як прыцягнуць да адказнасці людзей, якія зрабілі тое, што ў Літве ці Польшчы лічыцца парушэннем законаў і міжнародных правіл. Аднак палітычныя наступствы інцыдэнту з самалётам у тым, што ўлады спалілі яшчэ адзін мост у заходнім кірунку. Відавочна, эканамічныя санкцыі будуць памнажацца.

Што да магчымай пагрозы палітыкам у эміграцыі, то беларускім уладам будзе прасцей дзейнічаць, як расійскія зрабілі са Скрыпалямі, чым вывозіць іх сюды. Але навошта гэта рабіць, акрамя як не дзеля элементарнай помсты? Тую ж Ціханоўскую ўлады самі вывезлі ў Літву. Бо пратэст у Беларусі арганізуюць не Латушка ці Цапкала, ён адбываецца з унутраных прычын.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі