Расследаванні Еўрарадыё: “залатыя” слупы, СМС-мінёр, стронцый у прадуктах

“Залатыя” апоры пад рэкламу

Агляд 2014-га года пачнём з дробнага і нават смешнага выпадку. Перад мінскім чэмпіянатам свету па хакеі непадалёк ад “Чыжоўка-Арэны” ў зямлю ўкапалі шэсць апор пад рэкламныя расцяжкі. Як высветліла Еўрарадыё, кошт за мантаж кожнай апоры аказаўся…ў чатыры разы большым, чым бяруць за аналагічную працу ў Маскве. Адна з фірм, якая ўдзельнічала ў тэндары, як аказалася, увогуле не спецыялізавалася на такіх работах. Схема выклікала усмешку. Дзяржкантроль распачаў праверку прадпрыемства, якое замовіла мантаж апор. Правяраюць больш за паўгода і ўсё ніяк не дойдуць да ісціны.

“Справа SMS-мінёра”

Гэта адна з самых гучных гісторый года. Мужчына, едучы ў вагоне метро, напісаў у смартфоне жартаўліва правакацыйнае паведамленне пра бомбу. Адправіў гэта сяброўцы. У тэлефон зазірнула пільная студэнтка, перапалохалася, выйшла з вагона і паведаміла ахове метрапалітэна пра змест SMS. Падземка спынілася, небараку хутка злавілі. Паведамленне разышлося па ўсіх СМІ. Як высветлілася, нічога ўзрываць небарака не збіраўся, але яго ў дадатак абвінавацілі ў згвалтаванні, дзеяннях сексуальнага характару ў дачыненні да малалетняй і г.д.

Як высветліла Еўрарадыё, адзіная “ахвяра” небаракі, калі справу перадалі ў суд, працягвала захоўваць яго фота ў сацсетках. З яе прафайла журналіст атрымаў паведамленні, якія маглі сведчыць пра ціск на дзяўчыну з боку следства, маўляў, не дасі патрэбныя сведчанні, пойдзеш як саўдзельніца. Пасля абвяшчэння абвінавачанаму дзевяці гадоў пазбаўлення волі “гвалтаўнік” і “ахвяра” пяшчотна развіталіся, маці дзяўчыны публічна выразіла нязгоду з прысудам.

Слабае адстойванне беларускіх інтарэсаў у Мытным саюзе

Падчас расследавання Еўрарадыё наконт радыяцыі ў прадуктах харчавання высветлілася, што згодна з нормамі Мытнага саюза, у прадуктах дапускаецца большае ўтрыманне радыяцыі, чым паводле ранейшых беларускіх правілаў. Да прыкладу, Мытны саюз, правілам якога падначальваецца і наша краіна, дапускае ўтрыманне стронцыю ў дзіцячым харчаванні ў 13 разоў больш, чым раней дазвалялася ў нас. Хоць дазіметрыя і наша "фішка", хоць мы і можам у гэтай сферы нечаму павучыць нават прасунутых у тэхнічным плане японцаў, але чамусьці нарматыўны акт стваралі расіяне.

Пасля выхаду матэрыялаў Еўрарадыё ў Саўміне заявілі пра выпраўленне сітуацыі. Але нашы чыноўнікі беларускую пазіцыю так і не адстаялі, так і не пазмагаліся належным чынам за нашы інтарэсы. Усё, што зрабілі, — дамагліся таго, каб у Беларусі дзейнічалі старыя нормы наконт стронцыю. Што ж будзе, калі спрачацца з расіянамі давядзецца па больш прынцыповых пытаннях?

Праколы беларускай медыцыны

Цягам года не аднойчы скандалы скалыналі нашу сістэму аховы здароўя. Два самыя гучныя выпадкі здарыліся ў траўні. У Брэсце пацыентка пайшла на прыём да гінеколага ў прыватны медцэнтр, пасля ўвядзення прэпарату дзяўчына памерла ад анафілактычнага шоку. Праверка па справе працягваецца дагэтуль.

У Мінску пасля сутыкнення веласіпедыстаў пацярпелую дзяўчыну даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі. Там пацыентцы не зрабілі нават тамаграфію галавы і адправілі ў звычайную палату. Раніцай яе не стала. Але праверка па факце гібелі пацыенткі паказала, што ўрачы дзейнічалі правільна.

У Віцебскай вобласці хлопчыку наклалі на руку тугую гіпсавую павязку. З-за шматлікіх памылак медыкаў справа скончылася ампутацыяй рукі. Справай займаецца следчы камітэт.

Чыноўнікі з Мінздароўя ні разу не прызналі публічна сур’ёзныя праблемы ў сваім ведамстве. На запыты Еўрарадыё ў парушэнне закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” Мінздароўя не адказвае. Праўда, аб праблемах у нашай медыцыне ў снежні выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Але ці зробіць Мінздароўя высновы з трагедый, да якіх давяла нядбайнасць і недастатковая ўвага да звычайных пацыентаў, пакуль незразумела.

Спроба спынення імклівай наркатызацыі

Еўрарадыё цягам некалькіх гадоў уздымала праблему, звязаную з наркотыкамі. З 2004 года да нас завезлі опійнае насенне маку. З 2008 года — спайсы. Дылеры абагачаліся, належныя меры супраць іх не прымаліся.

Але на пачатку 2014-га выйшаў Дэкрэт №1, які ўдарыў па макавых наркадылерах. А ў канцы года Дэкрэт №6, які дэлегалізаваў паступленне любых “спайсаў” у нашу краіну. Праўда, апошні заканадаўчы акт аказаўся надзвычай жорсткім. Да прыкладу, была ўведзеная адказнасць за спажыванне наркотыкаў.

Хоць Дэкрэт №6 — гэта толькі "лакальная перамога". Цяпер па-хрысціянску трэба было б падумаць, як на справе вылечыць цэлую армію беларускіх наркаспажыўцоў, якая ўтварылася за гады недастатковай дзейнасці адпаведных органаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі