Рассельгаснагляд завярнуў назад больш за 100 тон рагачоўскай згушчонкі
Спецыялісты Рассельгаснагляду ў Бранску вярнулі ў Беларусь дзве партыі згушчанага малака. Агульная вага вернутых прадуктаў — 114 тон, інфармуе ria.ru.
Паведамляецца, што тавар следаваў у Варонеж і суправаджаўся сертыфікатамі Мытнага саюза, якія выдала Рагачоўская раёння ветстанцыя. Прэтэнзіі ў расійскага боку выклікала тое, што згодна з чыгуначнымі накладнымі пагрузка тавара была праведзеная 27 верасня, а ветэрынарныя дакументы былі выдадзеныя за месяц да таго. "Гэты факт выклікаў сумневы ў аб'ектыўнасці ветэрынарнага кантролю пры адпраўцы грузу", — гаворыцца ў паведамленні Рассельгаснагляду.
У дадатак высветлілася, што частка малочных кансерваў была вырабленая праз некалькі дзён пасля выдачы дакументаў.
Фота: ria.ru