Распачатая крымінальная справа па факце знікнення хлопчыка ў Белавежскай пушчы

Распачатая крымінальная справа па факце знікнення хлопчыка ў Белавежскай пушчы

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце знікнення 10-гадовага Максіма Мархалюка, які 16 верасня пайшоў у Белавежскую пушчу і не вярнуўся. Яго пошукі сталі самымі маштабнымі ў гісторыі Беларусі. На мінулых выхадных у аперацыі ўзялі ўдзел некалькі тысяч валанцёраў, а таксама супрацоўнікі МНС, міліцыі і Міністэрства абароны.

"На сёння няма дадзеных, якія маглі б сведчыць пра тое, што знікненне хлопчыка носіць крымінальны характар, — паведаміла Еўрарадыё прадстаўніца СК Юлія Ганчарова. — Следчы камітэт працуе па гэтай сітуацыі з першага дня, і сёння па заканчэнні 10-х сутак з моманту знікнення хлопчыка распачатая крымінальная справа па артыкуле 167 п.2 Крымінальнага кодэкса”.

Паводле слоў Ганчаровай, у дадзены момант следчыя вывучаюць матэрыялы, што паступілі ад органаў дазнання. Распрацоўваецца план дадатковых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на праверку ўсіх магчымых версій знікнення хлопчыка.

Былі праведзеныя агляды дома сям'і Мархалюкоў, будана ў лясным масіве, дзе часта збіраюцца мясцовыя падлеткі і дзе мог знаходзіцца хлопчык. Былі ўзятыя сляды і прадметы з гэтых месцаў і накіраваныя для правядзення адпаведных экспертных даследаванняў. Акрамя таго, следчыя апыталі бацькоў, аднакласнікаў, педагогаў, сяброў і знаёмых дзіцяці. Была праведзеная праца з мясцовым насельніцтвам для атрымання інфармацыі, якая можа дапамагчы ў пошуках школьніка”, — дадала Ганчарова.

Кіраваць расследаваннем і каардынаваць дзейнасць іншых ведамстваў, якія знаходзяцца на месцы пошукаў (МНС і Міністэрства абароны) цяпер будзе Упраўленне следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.

Нагадаем, 10-гадовы Максім Мархалюк, жыхар вёскі Новы Двор, знік у Белавежскай пушчы 16 верасня. Каля 20.00 ён паехаў на ровары ў бок лесу і знік. У мінулыя выходныя яго шукалі некалькі тысяч валанцёраў, а таксама супрацоўнікі МНС, міліцыі і Міністэрства абароны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі