Расійскія турфірмы выкупляюць пуцёўкі ў беларускія санаторыі на год наперад

На летні сезон свабодных месцаў у беларускіх санаторыях ужо амаль не засталося. У турфірме галоўнага гаспадарчага ўпраўлення "ЦэнтрКурорт" пуцёўкі нельга было дастаць нават у першы дзень браніравання.

"Ну, ужо нічога на лета няма, — паскардзілася карэспандэнту Еўрарадыё жанчына, якая спрабавала набыць пуцёўку. — Першы дзень прадаюць, а ўжо нічога няма ў патрэбны мне санаторый. Я хацела ў "Сосны" ці "Белую Русь".

Аднаму з пакупнікоў таксама не ўдалося дастаць пуцёўку на ліпень, бо даступных па кошце нумароў не засталося.

"Навошта мне трохпакаёвыя ці двухпакаёвыя нумары, калі мне з жонкай трэба адпачыць? Яны ёсць за 150 тысяч за суткі — але хто столькі зарабляе? Я палкоўнік у адстаўцы, я ў стане яшчэ сабраць за год на нумар коштам 103 тысячы", — абураецца мужчына.

Але такіх нумароў у свабодным доступе ўжо няма. Таму ў "ЦэнтрКурорце" прапанавалі пакінуць заяўку на выпадак, калі нехта адмовіцца.

"У мяне адпачынак з 25 ліпеня. Я хацеў узяць, падрыхтаваў грошы, каб выкупіць. Браніравання на летнія месяцы не было. А калі сказалі, што пачынаецца браніраванне — а пуцёвак няма. Дзе яны? Дзе гэтыя пуцёўкі на красавік, травень, чэрвень, ліпень, жнівень? Ну, не тая ж маса іх скупіла, якая была сёння? Не так ужо шмат народу было, але пуцёвак няма!"

Чаму у першы дзень продажу іх ужо няма, калі па журнале наведвальнікаў прыйшло не больш за 60 чалавек? Як высветлілася, пуцёўкі яшчэ на год наперад выкупляюць расійскія турфірмы. Беларусам жа санаторыі пакідаюць толькі нязначную частку.

Паколькі спалучэнне цаны і якасці ў Беларусі самае лепшае, цікавасць расіян вялікая, лічыць рэдактар газеты "Турызм і адпачынак" Лілія Кобзік.

"Расійскі рынак працуе паводле тых жа тэхналогій, што і нямецкі ці англійскі. Загадзя выкупляе там месцы. А паколькі цікавасць расіян да беларускіх санаторыяў вельмі вялікая, то прыблізна за год — паўтара ўсе кантракты ўжо падпісаныя".

Зразумела, што санаторыі аддаюць перавагу расійскаму бізнесу, які забяспечвае іх грашыма на год наперад, а беларускім фірмам выдзяляюць нейкі мінімум.

Таму беларусам нават загадзя цяжка знайсці месца. Нам застаецца міжсезонне. Але гэта не значыць, што трапіць у санаторый зусім не рэальна. Частка месцаў ідзе ў беларускія турфірмы, але там іх часта пакідаюць для "добрых кліентаў". Таксама можна абраць больш просты санаторый ці пакінуць заяўку і чакаць, пакуль нехта адмовіцца, раіць Лілія Кобзік.

"Нашыя турфірмы: вось з'явіўся ў іх кліент, і яны думаюць, дзе для яго знайсці месца ў санаторыі "Азёрны", напрыклад. У Расіі такога няма. Яны бяруць адразу ўсё оптам. Яны атрымоўваць усё, што хочуць, а нам застаецца тое, што засталося", — кажа Лілія Кобзік.

Праўда, прасцей выглядае сітуацыя з санаторыямі, размешчанымі не на возеры Нарач, ці, напрыклад, з пуцёўкамі на сакавік. Еўрарадыё пагутарыла з кліентамі "ЦэнтрКурорта".

Жанчыны: "Мы ў "Баравое" ўзялі на 14 дзён у аднамесныя нумары. Едзем ужо трэці раз. Пуцёўка каштуе амаль два мільёны на 14 дзён. Абураемся: пенсіянерам няма зніжкі. Але ўмовы там цудоўныя".

Жанчына: "Ну, у мяне на сакавік месяц, таму праблем не будзе. А на лета — там народ тоўпіцца".

Забраніраваць жа пуцёўку наўпрост праз санаторый не атрымалася: за два дні ні па адным тэлефоне трубку там так і не ўзялі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі