Расійскі наступ, верагодна, ужо пачаўся — 351-я раніца вайны

Разбураны Бахмут у Данецкай вобласці, за які зараз ідзе бітва / @uniannet
Разбураны Бахмут у Данецкай вобласці, за які зараз ідзе бітва / @uniannet

Расіяне вярнулі сабе ініцыятыву ва Украіне і пачалі новы буйны наступ у Луганскай вобласці, лічаць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). "За апошні тыдзень тэмпы расійскіх аперацый ўздоўж лініі Сватава-Крамянная ў заходняй частцы Луганскай вобласці прыкметна ўзраслі", і, мяркуючы па дадзеных расійскіх крыніц, рэгулярныя расійскія войскі дамагаюцца некаторых поспехаў ўздоўж мяжы Харкаўскай і Луганскай абласцей. Асабліва каля Купянска на паўночны захад ад Сватава і на захад ад Крамяннной. Геалакацыённыя кадры баявых дзеянняў пацвярджаюць, у прыватнасці, дасягненні расіян у раёне Двурэчнай на паўночны захад ад Сватава.

Яшчэ адным аргументам на карысць таго, што расійскай наступ пачаўся, стала прыцягненне да наступальных аперацый значных частак трох буйных расійскіх дывізій. Пры гэтым поўны тэмп наступ яшчэ не набраў, лічаць у Інстытуце. Яшчэ не задзейнічаны, у прыватнасці, часткі 2-й мотастралковай дывізіі, якая была перакінутая пасля дыслакацыі ў Беларусі ў Луганскую вобласць у гэтым студзені. У ISW таксама нагадалі, што украінцы валодалі ініцыятывай са жніўня 2022 года.

Пры гэтым эксперты Інстытута лічаць, што "поўнае ўцягванне расійскіх сілаў можа прывесці да іх знясілення на лініі Сватава-Краменная без дасягнення мэты". А мэта — захапіць усю Луганскую і Данецкую вобласці. І гэта адкрые акно магчымасцяў для ўкраінскіх войскаў, каб перайсці да контрнаступлення.

У мінулыя суткі расійскія сілы былі сканцэнтраваны "на наступальных дзеяннях на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім напрамках у раёнах Крамянной, Бахмута, Аўдзееўкі, Опытнага, Мар'інкі і Угледара", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Актыўна выкарыстоўвалі на гэтых напрамках ваенную авіяцыю.

Российское наступление, вероятно, уже началось — 351-е утро войны
Карта баёў у Харкаўскай і Луганскай абласцях / understandingwar.org

Украіна і Вялікабрытанія падпісалі Дэкларацыю адзінства. Цырымонія адбылася напярэдадні падчас візіту ў Лондан прэзідэнт Украіны Уладзіміра Зяленскага. Зяленскі ўзгадніў з прэм'ерам-міністрам Вялікабрытаніі Рышы Сунакам пастаўкі бронетэхнікі і дальнабойнай зброі, а таксама падрыхтоўку пілотаў. Падчас гэтага візіту ўкраінскі прэзідэнт таксама сустрэўся з каралём Чарльзам III, выступіў перад парламентам Вялікабрытаніі, а таксама наведаў палігон, дзе ўкраінскія вайскоўцы вучацца кіраваць танкамі Challenger 2.

З Лондана прэзідэнт Украіны вылецеў у Парыж. Там ён сустрэўся з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і канцлерам Германіі Олафам Шольцам. Як паведамляе BFM TV, Макрон пацвердзіў, што Францыя мае намер падтрымліваць Украіну. "Расія не можа і не павінна перамагчы. Пакуль яна нападае, нам неабходна працягваць і адаптаваць ваенную падтрымку, якая патрэбна для захавання Украіны", — сказаў французскі прэзідэнт. Зяленскі са свайго боку заклікаў як мага хутчэй паставіць Украіне цяжкае ўзбраенне і самалёты.

"Чым хутчэй Украіна атрымае цяжкую зброю вялікай далёкасці, чым хутчэй нашы пілоты атрымаюць самалёты, тым хутчэй скончыцца гэтая расійская агрэсія і мы зможам вярнуцца да міру ў Еўропе", — падкрэсліў ён.

Макрон таксама ўзнагародзіў Зяленскага ордэнам Ганаровага легіёна. Гэта вышэйшая ўзнагарода краіны, якая прысуджаецца за ваенныя або грамадзянскія заслугі. "Гэта даніна павагі да Украіне і яе народу. Пашана табе, дарагі Уладзімір, за тваю мужнасць і адданасць", — напісаў ён у Twitter.

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба не сумняваецца ў пастаўках Украіне баявых самалётаў. Ён адзначыў, што адзіныя бар'еры, якія ёсць у партнёраў — псіхалагічныя. Пра гэта ён заявіў у эфіры адзінага тэлемарафона.

"Не прынцыпова, ці будзе гэта амерыканскі F-16, шведскі Grippen, французскі Mirage або Rafale, ці ж Eurofighter. Прынцыпова адкрыць пазіцыю, зняць табу і атрымаць першую эскадрыллю самалётаў. Потым ужо будзем вызначацца з улікам даступнасці на рынку і абслугоўвання, на якую менавіта мадэль рабіць асноўную стаўку", прыводзіць словы Кулебы Hromadske. Украінскі міністр растлумачыў, што цяпер з пункту гледжання масавасці і даступнасці абслугоўвання базавай мадэллю для Украіны з'яўляецца амерыканскі F-16. Але не абавязкова менавіта гэтая мадэль стане першым замежным баявым самалётам, які атрымае Украіна. Важна разблакаваць прадастаўленне баявых самалётаў як такіх.

Брытанскі музыкант Роджэр Уотэрс, які з'яўляецца сузаснавальнікам рок-групы Pink Floyd, на пасяджэнні Савета бяспекі ААН заявіў, што Расію справакавалі напасці на Украіну. Само пасяджэнне ініцыявала Расія, каб абмеркаваць пытанні паставак зброі Украіне. І яна ж запрасіла Уотэрса. Аб гэтым піша The Guardian.

Уотэрс заявіў, што выступае ад імя "прыкладна чатырох мільярдаў братоў і сясцёр», якіх ён назваў «большасцю без голасу», а таксама «мільёнаў удзельнікаў міжнароднага антываеннага руху". Музыка адзначыў, што ўварванне ва Украіну было незаконным, асудзіў яго, а потым сказаў, што Расію справакавалі. "Расійскае ўварванне ва Украіну не было несправакаваным, таму я таксама рашуча асуджаю тых, хто гэта ўварванне справакаваў", — заявіў Уотэрс. Пры гэтым ён не ўдакладніў, каго менавіта мае на ўвазе.

Трэба адзначыць, што іншыя ўдзельнікі Pink Floyd падтрымліваюць Украіну. У красавіку Pink Floyd і лідар гурта "Бумбокс" Андрэй Хлыўнюк выпусцілі сумесную песню ў падтрымку Украіны. Яна стала першай кампазіцыяй групы за апошнія 28 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі