Расіяніну, які скакаў у Мінску праз Вечны агонь, прысудзілі год калоніі

Грамадзянін Расіі, які скакаў праз Вечны агонь на плошчы Перамогі ў Мінску, атрымаў год і месяц калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне вынес суд Партызанскага раёну сталіцы.

Па версіі следства, мужчына "з нізінных памкненняў, якія выявіліся ў грубым парушэнні агульнапрынятых нормаў маралі і правілаў паводзінаў, не менш за два разы ўстаўшы на мармуровую пліту, усталяваную на рытуальнай пляцоўцы з Вечным агнём і абеліскам на плошчы Перамогі, два разы пераскочыў Вечны агонь [...] чым адкрыта і абразліва здзекаваўся са звычаяў і традыцыяў грамадства". Яго абвінавацілі ў хуліганстве. 

Расіянін цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў здзейсненым. Раней ён заявіў, што не ведаў, што ў Беларусі за скокі каля Вечнага агню пагражае крымінальная справа.

Абвінавачаны часта наведваў Мінск па працы. Аднойчы з сябрам ён вырашыў зрабіць фота на фоне манумента на плошчы Перамогі. Аднак вырашыў, што фота будзе больш цікавым, калі зафіксуе ягоны скок праз Вечны агонь.

За фотасесіяй назіралі неабыякавыя грамадзяне, якія пазванілі ў міліцыю. Падчас чарговага прыезду ў Мінск расіяніна затрымалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.