Расіяне патроху прасоўваюцца ў Бахмуце — 412-я раніца вайны

Бахмут / Reuters
Бахмут / Reuters

Расіяне ў апошнія дні патроху прасоўваліся ў Бахмуце і яго ваколіцах, але, верагодна, неслі пры гэтым значныя страты, лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).

"Відэазапісы з геалакацыяй, апублікаваныя 9 і 10 красавіка, паказваюць, што расійскія войскі дамагліся нязначных поспехаў на паўночны захад ад Хромава (2 км на захад ад Бахмута), на паўднёвым захадзе Бахмута і на поўнач ад Сака і Ванцэці (сяло ў 15 км на поўнач ад Бахмута)", пішуць аналітыкі ISW. Учора камандуючы сухапутнымі войскамі Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што ўкраінскія сілы настолькі знясілілі сілы Вагнера, што расіянам давялося накіраваць у Бахмут падраздзяленні спецназа і ПДВ.

Аўтары справаздачы таксама цытуюць начальніка прэс-цэнтра Сіл абароны Таўрычнага кірунку Аляксея Дзмітрашкоўскага. Паводле яго слоў, тэмпы расійскіх наступальных аперацый на Данецкам кірунку запавольваюцца, расійскія сілы пачалі абарончыя падрыхтоўкі. На гэтым участку фронту расіяне цяпер абстрэльваюць ўкраінскія пазіцыі на траціну менш, чым у лютым.

За мінулыя суткі сілы абароны Украіны адбілі 52 расійскія атакі на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Баі ў Бахмуце і ваколіцах працягваюцца. "За мінулыя суткі праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні непадалёк населеных пунктаў Грыгароўка і Хромава", распавядаюць украінскія вайскоўцы. Працягваюцца жорсткія баі і за Аўдзееўку і Мар'інку. На Запарожскім і Херсонскім кірунках праціўнік працягвае абараняцца, кажуць ва ўкраінскім Генштабе.

Россияне понемногу продвигаются в Бахмуте — 412-е утро войны
Сітуацыя ў Бахмуце / understandingwar.org

На поўдні Украіны расіяне патроху адсоўваюцца ад лініі судакранання. Яны гэта робяць, каб максімальна забяспечыць сабе адлегласць, недасяжную для ўкраінскіх сродкаў паражэння, кажа кіраўнік Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Наталля Гумянюк. Паводле яе слоў, цяпер ідзе "магутны падрыхтоўчы этап", на якім украінскія абаронцы імкнуцца знішчыць магутнасці праціўніка: склады, тэхніку, месцы дыслакацыі асабістага саставу.

"Яны, вядома, вылічваюць кіламетраж так, каб не быць пад ударам нашых сродкаў паражэння, але зыходзячы з таго, што сезон "бавоўны" ў Крыме ўжо пачаты, яны паступова ўсведамляюць, што ўсюды, дзе Украіна, ім не будзе спакою", — падкрэсліла Гумянюк.

Данія плануе да лета паставіць ва Украіну артылерыйскія сістэмы Ceasar, а ў пачатку лета пачаць пастаўкі танкаў. Пра гэта распавёў выконваючы абавязкі міністра абароны Даніі Троелс Лунд Поўльсэн. "Адносна танкаў Leopard 1. Яшчэ два месяцы таму Данія падпісала пагадненне з Германіяй. Спадзяемся, што мы пачнем пастаўкі танкаў да лета. Забягаючы на паўгода наперад, ва Украіну будзе магчыма паставіць каля 100 танкаў Leopard 1", — адзначыў ён. Па словах дацкага міністра, гаўбіцы Ceasar цяпер знаходзяцца на трэніровачных палігонах у Даніі, дзе на іх вучацца ўкраінскія артылерысты.

Балгарыя вядзе перамовы аб перадачы Украіне знішчальнікаў МіГ-29, але ёсць умова: заходнія партнёры павінны перадаць Сафіі наўзамен больш сучасныя баявыя лятальныя апараты. Пра гэта піша "Інтэрфакс-Украіна". У балгарскім Міністэрстве падкрэслілі, што бясплатна перадаваць знішчальнікі Украіне не збіраюцца.

Россияне понемногу продвигаются в Бахмуте — 412-е утро войны
Артылерыйская ўстаноўка Caesar / Міністэрства абароны Даніі

Ва Украіну з расійскага палону вярнулася паэтка і абаронца Марыупаля Валерыя Карпіленка з пазыўным "Нава". Пра гэта паведамляе Марыупальскія гарадскі савет. У маі 2022 года Валерыя выйшла замуж у катакомбах Марыупальскага камбіната "Азоўсталь", а праз пару дзён стала ўдавой.

Карпіленка вярнулі ў рамках абмену 10 красавіка. У палон яна трапіла пасля выхаду ўкраінскіх вайскоўцаў з "Азоўсталі" 16 мая 2022 года. У палоне прабыла амаль год. Валерыя марыупальская паэтка, кандыдат навук па сацыяльных камунікацыях, у мінулым таксама выкладчыца Марыупальскага дзяржаўнага ўніверсітэта, нагадвае Hromadske.

Да поўнамаштабнай вайны яна служыла ў Дзяржаўнай памежнай службе, кіравала прэс-службай Данецкага памежнага атрада. З 24 лютага 2022 года далучылася да палка "Азоў". 5 мая 2022 года Валерыя выйшла замуж за памежніка Андрэя Субоціна, з якім пазнаёмілася падчас службы ў Данецкам пагранатрадзе. Аднак праз тры дні пасля гэтага Андрэй загінуў. Нагадаем, учора стала вядома, што Украіна вярнула з палону яшчэ 100 чалавек, у тым ліку абаронцаў Марыупаля, "Азоўсталі" і Гастомеля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі