Расія можа абмежаваць пастаўкі мяса і малака яшчэ з трох беларускіх заводаў

Расія можа абмежаваць пастаўкі мяса і малака яшчэ з трох беларускіх заводаў

Рассельгаснагляд можа абмежаваць пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі з яшчэ трох беларускіх прадпрыемстваў. У гэтай прадукцыі расійскія спецыялісты выявілі парушэнні. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Сяргей Данкверт.

"Я толькі ўчора атрымаў па трох прадпрыемствах службовую запіску ад сваіх падначаленых з прапановай зачыніць іх. Гэтыя тры прадпрыемствы фігуруюць на закрыццё па прычыне дапушчаных сур'ёзных парушэнняў. Я ўсё гэта прыпыніў пакуль, да заканчэння інспекцыі. Як скончым — будзем прымаць рашэнне", — цытуе RNS словы чыноўніка.

Як паведамлялася раней, 5 красавіка спецыялісты Рассельгаснагляду пачалі інспекцыю беларускіх прадпрыемстваў. У першую чаргу яны правяраюць прадпрыемствы Мінскай вобласці. Рассельгаснагляд уводзіў забарону на пастаўкі мясной прадукцыі з гэтых заводаў. Данкверт не выключаў, што па выніках інспекцыі некаторыя абмежаванні могуць быць знятыя.

Інспекцыі пачаліся пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. На ёй кіраўнікі дзяржаваў абмяркоўвалі сярод іншага і расійскія забароны на пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання. Беларусь разлічвае, што па выніках праверак Расія здыме абмежаванні на пастаўкі сельгаспрадукцыі яшчэ ў красавіку, казаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц.

Цяпер пад абмежавальнымі мерамі знаходзяцца 12 малочных прадпрыемстваў, восем мясакамбінатаў і тры птушкафабрыкі нашай краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі