Расія хоча адмовіцца ад беларускай і ўкраінскай солі

Расспажыўнагляд у некалькіх рэгіёнах Расіі рэкамендаваў рознічным гандлёвым сеткам не прадаваць беларускую і ўкраінскую соль, піша "Коммерсант". Прадукцыя вытворцаў солі з Беларусі і Украіны займае 56% расійскага рынку. Іх месца гатовыя заняць расійскія кампаніі, чые магутнасці цяпер недазагружаныя на 40%. На федэральным узроўні рэкамендацый адмовіцца ад беларускай і ўкраінскай солі пакуль не паступала.

Падчас планавых праверак Расспажыўнагляд выявіў, што соль беларускіх і ўкраінскіх вытворцаў не адпавядае патрабаванням харчовай прадукцыі па змесце розных дамешкаў, ёду, а таксама па арганалептычных паказчыках.

Расійскі рынак солі на 59% складаецца з імпартнай прадукцыі. Асноўнымі імпарцёрамі з'яўляюцца Украіна ("Арцёмсоль" — 23,9% рынка, "Славянская соль" — 2,3%) і Беларусь ("Мазырсоль" — 29,1%, "Белкалій" — 0,5%). Расійскія вытворцы займаюць 41% рынку.

Дарэчы, у 2006 годзе толькі чутак аб спыненні паставак солі з Украіны хапіла, каб яе кошты ў Расіі выраслі ў 10 разоў. Але цяпер, па словах экспертаў, у Расіі ёсць магчымасць замяніць імпартную прадукцыю.

Нагадаем, 23 снежня Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным заявіў, што Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі беларускага харчавання без згоды прэзідэнта Расіі.

24 снежня памочнік прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў паведаміў журналістам, што пошукам вінаватых у сітуацыі з пастаўкамі беларускай прадукцыі зоймуцца следчыя органы Беларусі і Расіі:

Аднак нават пагроза крымінальнага пераследу не спалохала Рассельгаснагляд і Расспажыўнагляд. "Харчовая вайна" не толькі працягваецца, але і набірае абароты. "Баявыя дзеянні" актывізаваліся ўжо ў першыя дні 2015 года. 4 студзеня Рассельгаснагляд затрымаў груз гародніны і яблыкаў, які ехаў з Беларусі, вагой больш за 190 тон. 7 студзеня спецыялісты ведамства забаранілі ўвоз 17 тон беларускай кураціны і партыі яек. А 9 студзеня шлагбаўм быў апушчаны перад партыяй масла і ялавічыны з Беларусі.

Па выніках перамоў з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам, што адбыліся 12 студзеня ў Маскве, кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт заявіў, што падстаў для зняцця забароны на прадукцыю беларускіх мясакамбінатаў пакуль няма.

А 13 студзеня стала вядома, што ў справу ўступіў яшчэ і Расспажыўнагляд, які выявіў, што соль "Беларуськалія" і "Мазырсолі" не адпавядае патрабаванням харчовай прадукцыі па ўтрыманні розных прымешак, ёду, а таксама арганалептычных паказчыках. Вызваленае месца на прылаўках ужо гатовыя заняць расійскія вытворцы.

Фота — mozyrsalt.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі