Расфармаванне Інтэрнацыянальнага легіёна УСУ амаль не закранула беларусаў
Вадзім Кабанчук / Еўрарадыё
Расфармаванне Інтэрнацыянальнага легіёна ва Узброеных сілах Украіны амаль не закранула беларусаў. Пра гэта ў інтэрв'ю "Нашай Ніве" расказаў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вадзім Кабанчук.
Падчас расфармавання Інтэрнацыянальнага легіёна яго байцоў пераводзілі служыць у іншыя вайсковыя часці. Выданне пацікавілася, ці закранулі гэтыя перамены беларускіх добраахвотнікаў.
"Расфармавалі легіён пры Сухапутных сілах. Па маёй інфармацыі, там было літаральна некалькі беларусаў — да пяці чалавек. Я так мяркую, што частка з іх, напэўна, пяройдзе ў іншыя часткі ці, магчыма, звольніцца з Узброеных сіл Украіны. Большасць беларусаў служыла пры Галоўным упраўленні разведкі, і там нічога не змянілася", — паведаміў Кабанчук.
Ён таксама заявіў, што чакае пазітыўных зрухаў у развязанні праблем з легалізацыяй і статусам беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Гэтыя надзеі ён звязвае з нядаўнімі заявамі Зяленскага і зменай украінскай палітыкі адносна Лукашэнкі.