Рар: Еўропе патрэбны чалавек, які б размаўляў і з апазіцыяй, і з уладай

Берлінскае таварыства па правах чалавека ў Беларусі, якім кіруе Ханс Георг Вік, прадаставіла даклад з аналізам сітуацыі ў нашай краіне і рэкамендацыямі Еўрасаюзу адносна палітыкі ў дачыненні да Беларусі. У прыватнасці, прапануецца стварыць пасаду спецупаўнаважанага ЕС па нашай краіне. На думку дакладчыкаў, такі ўпаўнаважаны мог бы больш эфектыўна рэалізоўваць праекты па падтрымцы дэмакратыі ў нашай краіне. Гэтую прапанову ў эфіры Еўрарадыё каментуе нямецкі палітолаг, дырэктар Цэнтра імя Бертольда Бейца Германскага таварыства знешняй палітыкі Аляксандр Рар.

 

111027 RarS.mp3


Еўрарадыё: Наколькі такі спецупаўнаважаны можа дапамагчы для дыялогу паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрасаюзам?


Аляксандр Рар: Я асабіста думаю, што такі спецпрадстаўнік Беларусі патрэбны. Але я лічу, што ён павінен займацца не толькі пытаннямі правоў чалавека і ўмацавання грамадзянскай супольнасці у Беларусі. Калі такі прадстаўнік ад Еўрасаюза паедзе ў Мінск, ён будзе размаўляць толькі з ліберальнай апазіцыяй. Улады Беларусі размаўляць з ім не будуць, і я думаю, што ён мала чаго дасягне такім шляхам. Я станоўча стаўлюся да факту, што немцы прапануюць такую пасаду,  але гэта павінен быць чалавек, які не толькі каардынаваў бы дзеянні недзяржаўных арганізацый, што супрацоўнічаюць з Беларуссю, але які займаўся б і эканамічнымі пытаннямі. Гэта павінен быць чалавек, з якім размаўлялі б і прадстаўнікі ўлады. Гэта тое, што насамрэч адбываецца на Мінскім форуме, які Германія ў свой час заснавала ў Беларусі і які дастаткова паспяхова працуе.

Еўрарадыё: І які прыпыніў працу ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі. Калі б гэты ўпаўнаважаны мог займацца і правамі чалавека і эканамічнымі пытаннямі, ёсць верагоднасць, што беларускія ўлады зацікавіліся б ім?


Аляксандр Рар: Германія заўсёды славілася асаблівым падыходам да аўтарытарных краін на Усходзе. Гэтая палітыка называлася «Wandel durch Handel» - змены праз гандаль. Яе фішка ў тым, каб праз эканамічнае супрацоўніцтва паспрабаваць палітычна паўплываць на стан грамадства ў пэўнай краіне. Я думаю што Германія дастаткова паспяхова праводзіла гэтую палітыку і з Савецкім саюзам і сёння з Расіяй. Унутры Еўрасаюза Германія выступае за тыя ж падыходы ў адносінах да Украіны і Беларусі. Дзесьці гэта атрымліваецца, дзесьці – не. Але мне падаецца, што гэта правільная палітыка, бо яна адкрывае магчымасці для шырокага дыялогу. Не толькі для абароны пэўных палітычных колаў ад пераследу, а таксама для прамой палітычнай размовы з уладамі ў межах Усходняга партнёрства, якое Еўрасаюз прапануе Беларусі і ад якога ўлады Беларусі не адмаўляюцца.

Еўрарадыё: І якое таксама затармазілася. Расійскі фонд ЕўраЗЭС, каб выдзяляць чарговыя траншы крэдыту, патрабуе ад Беларусі прыватызацыі і выказвае гатоўнасць набыць асноўныя беларускія прадпрыемствы. Калі палітыка Германіі – змены праз гандаль, наколькі Германія зацікаўленая ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, ці гатовы нямецкі капітал зрабіць канкурэнцыю расійскаму?


Аляксандр Рар: Патрабаванні МВФ такія ж як у еўразійскага банка – МВФ таксама ўжо дваццаць год патрабуе прыватызацыі беларускай эканомікі, каб заходнія інвестары маглі ўкладацца ў гэтую краіну, зарабляць грошы і мець доўгатэрміновых партнёраў. І такім чынам, дарэчы, падтрымаць эканамічныя змены ў Беларусі. Мне падаецца, што гэта вельмі правільны крок. У Беларусі не будзе іншых альтэрнатываў апроч як ісці па гэтым шляху.  Трэба праводзіць прыватызацыю сваёй эканомікі.  І разлічваць на тое, што не толькі заходні ці не толькі расійскі капітал сюды прыйдзе. Прыйшоў бы змяшаны капітал, бо капітал ідзе туды, дзе для гэтага створаныя ўмовы. А нацыяналізаваць капітал, мне падаецца, ня трэба.

Калі ўмовы будуць створаныя, я не думаю, што прыйдзе толькі расійскі капітал. Канешне, немцы зацікаўленыя беларускім рынкам, нямецкія бізнэсмэны чакаюць, калі ў Беларусі правядуць патрэбныя рэформы, каб паправіўся інвестыцыйны клімат.  Да гэтага часу на ўсялякіх сустрэчах у Германіі па пытаннях Беларусі я чую адно і тое ж: нямецкі бізнэс кажа, маўляў, чаму беларускія ўлады працуюць у энергетычнай сферы толькі з Газпромам, з Расіяй. 40 год таму, у савецкі час,  мы будавалі гэтую трубу, і займаліся газавым бізнэсам на тэрыторыі Савецкага Саюза. Няўжо нас хочуць адключыць ад газавага бізнэсу? Я думаю, проста трэба свежы погляд , трэба ісці па тым шляху, па якім пайшла ўся Усходняя Еўропа, уступаць у Еўрасаюз і ў НАТО. І тады ў беларускай эканоміцы ўсё будзе лепш, чым зараз.

Еўрарадыё: У Варшаве падчас саміту Ўсходняга партнёрства Ангела Меркель сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Ці змянілася пасля гэтага стаўленне да Беларусі?


Аляксандр Рар: У Германіі ўвесь час вядзецца дыскусія наконт Беларусі. Ангела Меркель падтрымлівае ўсходнюю палітыку і Усходняе партнёрства Еўрасаюза, можа быць у адрозненне ад некаторых іншых буйных лідэраў Еўрасаюза, якія, дарэчы, не прыехалі ў Варшаву на саміт. Ангела Меркель паказала, што ў Германіі ёсць цікавасць да гэтага. Калі б Лукашэнка прысутнічаў на саміце, яна напэўна правяла б сустрэчу і перамовы і з ім. Гэтаксама як яна размаўляла з іншымі прэзідэнтамі краін постсавецкай прасторы, якія былі запрошаныя на саміт. Але ў той жа час, яе палітыка палягае на тым, што яна размаўляе заўсёды і з апазіцыяй, і з няўрадавымі арганізацыямі, якія існуюць у Беларусі і ў іншых краінах для стварэння там ліберальнай эканамічнай і дэмакратычнай мадэлі, для уваходу краінаў у Еўрасаюз, для набліжэння да еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі