Рамонт эскалатараў на метро “Кастрычніцкая” перанесены на год

І нават тады станцыю зачыняць не будуць. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Васіль Жыбуль. Дарэчы, рашэнне было прынята толькі ўчора.
“У гэтым годзе рэканструкцыя не атрымліваецца. Таму што па графіку ідзе перасоўванне тэрмінаў закупкі абсталявання. Павінны былі 15 чэрвеня зрабіць закупкі, але дагэтуль гэтага не зрабілі”.

Нагадаем, што з 1 жніўня на тры месяцы мінчукі маглі застацца без станцыі метро “Кастрычніцкая”. Прычынай магла стаць рэканструкцыя эскалатараў. І для таго, каб трапіць на “Маскоўскую” лінію, трэба было выходзіць на “Купалаўскай” і карыстацца наземным транспартам.

Але, як дазналася Еўрарадыё ў Васіля Жыбуля, пры рамонце ў наступным годзе “Кастрычніцкую” вырашылі не зачыняць. Гэта стала яшчэ адной перашкодай да правядзення рэканструкцыі яшчэ сёлета. Бо пачынаючы з верасня рэзка ўзрастае колькасць людзей, якія карыстаюцца метро.

“Яшчэ праблема ў тым, што ў першую чаргу разглядаецца пытанне, каб перасадка функцыянавала. Хаця б праз злучальны тунэль. З “Купалаўскай” на “Кастрычніцкую” пераход павінен быць па злучальнаму тунэлю, а з Купалаўскай на Кастрычніцкую толькі па паверхні праз вестыбюль з боку дома афіцэраў па скверы.

Плынь людзей ужо пачынае ўзрастаць. І мы можам не забяспечыць бяспеку пасажырам. Улічваючы, што плынь пачынае спадаць у летні перыяд: чэрвень, ліпень і жнівень, было вырашана перанесці працы на наступны год”.

Фота — photo.bymedia.net