Ракета трапіла ў жылы дом у Запарожжы, ёсць загінулыя — 372-я раніца вайны

Разрушены все этажи в пределах одного подъезда / @kurtievofficial
Разрушены все этажи в пределах одного подъезда / @kurtievofficial

Гэтай ноччу ракета трапіла ў шматпавярховы жылы дом у Запарожжы. У Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі кажуць, што гэта была расійская ракета С-300. У выніку атакі, па словах ратавальнікаў, разбураныя ўсе пяць паверхаў у межах аднаго пад'езда.

Папярэдне, загінулі тры чалавекі. Па стане на 6.30 раніцы выратаваны 11 (з іх 1 цяжарная жанчына), 20 жыхароў эвакуіраваны з суседняга пад'езда. Пошукава-выратавальныя работы працягваюцца.

Усяго за суткі расіяне нанеслі 14 ракетных удараў па грамадзянскіх аб'ектах у Харкаве, Палтаве і Данецку. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Ёсць параненыя сярод мірных жыхароў, пашкоджаныя жылыя шматпавярхоўкі і прыватныя дамы.

Расіяне прадаўжаюць наступальныя аперацыі ў Луганскай і Данецкай абласцях — на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках. За мінулыя суткі Сілы абароны Украіны адбілі тут больш за 170 нападаў праціўніка. Больш складана, відаць, па-ранейшаму на Бахмуцкім кірунку. Тут "вораг працягвае наступаць. Штурмуе горад Бахмут. Нашы абаронцы адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка, Дубава-Васілеўка, Бахмут і Іванаўскае", кажуць ва ўкраінскім Генштабе.

Расійская крыніца "Рыбар" сцвярджае, што "падраздзяленні прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер" пашырылі зону кантролю ў кірунку пасёлка Арцёмаўскае (Бахмуцкае), паступова замыкаючы кальцо акружэння". Узяцце гэтага пасёлка, са слоў крыніцы, дазволіць адрэзаць апошні фізічны шлях забеспячэння ўкраінскіх вайскоўцаў, якія трымаюць абарону ў раёне Бахмута.

"Расійскія войскі прасунуліся ў Бахмуце і працягнулі наземныя атакі вакол Бахмута". Гэта ўжо ацэнка Інстытута вывучэння вайны  (ISW). Эксперты Інстытута таксама пішуць пра наземныя атакі расіян у раёне гарадоў Аўдзееўка і Данецк, а таксама пра наступальныя аперацыі на лініі Купянск-Сватава-Крамянная.

Ракета попала в жилой дом в Запорожье, есть погибшие — 372-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Актыўныя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў паступова будуць вяртаць бяспеку жыхарам, якія знаходзяцца ў прыфрантавых зонах. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным відэазвароце.

"Калі мы рыхтуем актыўныя дзеянні нашых вайскоўцаў, усіх нашых Сіл абароны і бяспекі, мы маем на ўвазе і тое, што такія актыўныя дзеянні будуць паступова вяртаць бяспеку тым, хто цяпер у прыфрантавой зоне", — адзначыў ён. Зяленскі таксама казаў і пра вяртанне святла і цяпла ў дамы ўкраінцаў, якія пацярпелі ад расійскіх нападаў на энэргасістэму краіны.

"Гэтая зіма пройдзеная. Яна была вельмі складанай, і гэтую складанасць адчуў без перабольшання кожны ўкраінец. Але ўсё ж мы змаглі забяспечыць Украіну энергіяй і цяплом", — сказаў Зяленскі. Hromadske са свайго боку адзначае, што ва Украіне цяпер няма планавых выключэнняў святла, няма дэфіцыту магутнасці ў энергасістэме. Працуюць усе віды электрастанцый. Імпарт электраэнергіі ажыццяўляецца ў нязначных аб'ёмах.

Інстытут вывучэння вайны ў свежай справаздачы аб ходзе вайны ва Украіне таксама аналізуе візіт Аляксандр Лукашэнка ў Кітай. Учора падчас гэтага візіту быў падпісаны "пакет з 16 дакументаў, якія могуць спрыяць ухіленню ад санкцый у дачыненні да Расіі шляхам накіравання кітайскай дапамогі Расіі праз Беларусь", адзначаюць у ISW. Сярод гэтых дакументаў ёсць стратэгія сумеснага беларуска-кітайскага прамысловага развіцця, дакумент аб беларуска-кітайскім навукова-тэхнічным супрацоўніцтве на 2023-2024 гады і мемарандум аб узаемаразуменні па сумесных праектах з выкарыстаннем кітайскіх дзяржаўных пазык.

У ISW раней ужо дапускалі, што Кітай можа таемна перадаваць вайсковую прадукцыю або прадукцыю падвойнага прызначэння ў Расію праз Беларусь. Эксперты Інстытута таксама мяркуюць, што Лукашэнка "мае намер выкарыстоўваць гэтыя пагадненні для падтрымкі сваіх даўніх намаганняў па ўмацаванні эканамічнага ўплыву Кітая ў Беларусі, каб застрахавацца ад інтэграцыйнага ціску Расіі". Але гэта ў лепшым выпадку толькі затрымае працэс "кампанію Расіі па забеспячэнні поўнага эканамічнага кантролю над Беларуссю".

Тым часам Злучаныя Штаты ўжо абмяркоўваюць з парнёрамі магчымасць увядзення новых санкцый супраць Кітаю, калі той акажа вайсковую падтрымку Расіі для вайны супраць Украіны. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на чатырох амерыканскіх чыноўнікаў і іншыя крыніцы. Абмеркаванні знаходзяцца на раннім этапе. І якія менавіта санкцыі могуць прапанаваць ЗША, пакуль таксама не вядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі