Вы тут

Радзіна пра блакіроўку “Хартыі”: Гатовыя да супрацоўніцтва на адэкватных умовах

Наталля Радзіна, фота Еўрарадыё

Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта “Хартыя’97”, але так і не паведаміла, за якія матэрыялы ці каментары гэта было зроблена. Еўрарадыё звязалася з галоўным рэдактарам сайта Наталляй Радзінай і запытала пра прычыны блакіроўкі, гатоўнасць рэдакцыі да супрацоўніцтва і ці варта лічыць гэтую сітуацыю ударам па свабодзе слова.

Цалкам размову з Наталляй Радзінай можна паслухаць тут:

Еўрарадыё: Чаму ўлады вырашылі заблакаваць “Хартыю” менавіта цяпер?

Радзіна: Я думаю, што ўлады ў першую чаргу баяцца пратэстнай вясны. Думаю, яны чакаюць паўтарэння таго, што было ў 2017 годзе. Магчыма, нават у большых маштабах. Акрамя таго, набліжаецца святкаванне стагоддзя БНР 25 сакавіка. Вядома, яны баяцца нашай папулярнасці і бачаць, што сайт чытае шмат людзей, таму проста вырашылі зачысціць інфармацыйную прастору Беларусі.

Еўрарадыё: Але павінна была быць канкрэтная прычына, напрыклад, матэрыял ці каментарыі.

Радзіна:У тым і справа, што ўсе было зроблена вельмі подла: нас ні пра што не апавяшчалі, не казалі, які канкрэтна матэрыял нібыта парушыў беларускае заканадаўства. Вы бачыце, што Мінінфарм размясціў інфармацыю, з якой не зразумела, на якой падставе заблакавалі. Гэта такая палітыка уладаў па знішчэнні незалежных медыя. З “Хартыяй” такое адбывалася пастаянна. Ніхто ніколі не тлумачыў прычын.

Еўрарадыё: То бок вам на пошту не прыходзіў ліст ад Мінінфарма, маўляў, гэты матэрыял ці гэты каментарый выклікае іх незадаволенасць?

Радзіна: Нічога падобнага не было, ніхто пра гэта не паведамляў.

Еўрарадыё: Калі розгалас пойдзе, і вам Мінінфарм скажа, што трэба той ці іншы матэрыял ці каментарый выдаліць, і тады яны сайт разблакуюць, што вы будзеце рабіць?

Радзіна: Ну, у гэтай сітуацыі мы гатовыя супрацоўнічаць. Натуральна, трэба будзе паглядзець, якія патрабаванні. Цяпер, чыста гіпатэтычна, складана адказаць. Трэба будзе глядзець, што мы парушылі ў гэтай  сітуацыі. То бок, калі будзе адэкватнае патрабаванне, мы можам яго выканаць.

Еўрарадыё Як вы лічыце, ці звязаная гэтая сітуацыя з блакаваннем “Белпартызана”?

Радзіна: Гэта быў пробны шар. Яго заблакавалі, а потым паставілі ўмову — неабходнасць зарэгістравацца ў зоне “by”. Я па-ранейшаму ўпэўненая, што рэгістрацыя ў зоне “by” небяспечная для такіх незалежных сайтаў, як “Хартыя’97”, таму што гэта цягне за сабой цэнзуру і падкантрольнасць. Магчыма, гэта чарговая спроба прымусіць “Хартыю” перайсці ў зону “by”. Але гэта самагубны крок. Натуральна, мы гэтага рабіць не будзем.

Еўрарадыё: У нас жа пацяпленне адносін з Захадам, нібыта, лібералізацыя, хай і “жэстачайшая”...

Радзіна: Тыя, хто сёння кажа пра лібералізацыю ці спрабуе яе праводзіць, няхай запытаюць у людзей, якія робяць усё, каб яе не было.

Еўрарадыё: Якое бачыце выйсце з гэтай сітуацыі?

Радзіна: Змагацца, як рабілі гэта цягам усіх 20 гадоў. Здавацца мы не зміраемся. Цяпер заклікаем да салідарнасці ўсіх калег-журналістаў. Мы звяртаемся да праваабарончай міжнароднай арганізацыі, “Рэпарцёраў без межаў”, камітэта па абароне журналістаў, да АБСЕ, ва ўсе еўраструктуры, да МЗС замежных дзяржаў з патрабаваннем заклікаць улады Беларусі спыніць пераслед незалежных медыя. Я ўпэўненая, што будуць акцыі пратэсту, у тым ліку і ў Беларусі, з нагоды блакіроўкі “Хартыі”. Таму беларускім уладам прыйдзецца адказаць за гэты чарговы крок па падаўленні свабоды слова ў Беларусі ажно да ўвядзення санкцый супраць рэжыму. Натуральна, у такой сітуацыі рэжым можа забыцца на лічбавую эканоміку, пра якую Лукашэнка нядаўна заяўляў.

Еўрарадыё: Апошнія некалькі гадоў журналістам здавалася, што горш, чым пры міністры інфармацыі Ананіч, быць не можа. І калі прызначылі Карлюкевіча, чакалі нейкай палёгкі.

Радзіна: Думаю, што ад міністраў тут мала што залежыць. Рашэнне прымаецца значна вышэй. Яго маглі прымаць іншыя сілавыя структуры, уключаючы самога Лукашэнку.

Еўрарадыё: Ці балюча гэта ўдарыла па “Хартыі”, не толькі з боку наведвання, але і рэкламы? Ці гэта наадварот прыцягвае ўвагу?

Радзіна: Няма лепшай рэкламы, чым забарона. Нават сёння “Хартыя” застаецца лідарам сярод беларускіх сайтаў. І, насамрэч, у нас сёння вельмі высокая наведвальнасць.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да таго, што шмат хто ў Фэйсбуку падтрымлівае блакаванне “Хартыі”.

Радзіна: Сёння будзе зразумела, хто ёсць хто ў гэтай сітуацыі. Таму што нармальныя журналісты не дазваляюць сабе хамства ў дачыненні да калег, калі яны трапляюць ў бяду. Мы заўсёды абаранялі ўсіх журналістаў і палітвязняў. Узгадайце нават кампанію салідарнасці, якая ў нас была з “Белпартызанам”, калі яго заблакавалі. У гэтай сітуацыі такія людзі проста дэманструюць сваё маральнае убоства. 

 

У жывым эфіры Еўрарадыё тэму блакавання доступу да сайта “Хартыя’97”абмяркавалі са старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом і намеснікам дырэктара інфармагенцтва БелаПАН Андрэем Аляксандравым.