Вы тут

Работу начных кавярняў і бараў хочуць звязаць з падключэннем да "Вялікага брата"

Зыбіцкая — "барная вуліца" Мінска / TUT.by

Саўмін хоча паставіць работу кавярняў і бараў ноччу ў залежнасць ад таго, ці ёсць там камеры відэаназірання, падключаныя да Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМГБ). Гэта вынікае з вынесенага на грамадскае абмеркаванне праекта пастановы, якая рэгулюе ўмовы ўзгаднення работы аб'ектаў грамадскага харчавання і ГЦ з 23:00 да 7:00.

Адна з умоў узгаднення начной работы — падключэнне відэакамер ва ўстанове да РСМГБ. Гэта той самы "беларускі Вялікі брат", распрацоўшчык і аператар якога — кампанія Synesis і яе "дачка" "Паноптэс 24х7".

Як ужо пісала Еўрарадыё, падключэнне да РСМГБ — рэч нятанная. За адну камеру трэба будзе заплаціць 30 рублёў (20 за выдачу тэхнічных умоў і 10 — за падключэнне). Плюс кошт камеры і яе мантажу. Падключэнне кожнай камеры звыш гэтага каштуе яшчэ па 10 рублёў. А далей кожны месяц за кожную камеру давядзецца плаціць 103,95 рубля абаненцкай платы.

Яшчэ ў сакавіку беларускія рэстаратары пачалі скардзіцца на тое, што міліцыя патрабуе падключацца да РСМГБ для работы ноччу. У МУС адказалі, што абавязкова павінны падключацца да сістэмы толькі тыя аб'екты, якія ўнесены ў спецыяльныя пералікі. Дарэчы, у іх ужо некалькі тысяч аб'ектаў.

Нядаўна Асацыяцыя рэстаратараў атрымала яшчэ адзін адказ ад МУС:

"...для аб'ектаў, не аднесеных да ліку тых, якія падлягаюць абавязковаму абсталяванню сродкамі сістэмы відэаназірання за станам грамадскай бяспекі, адсутнасць падключэння да Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі не можа ў цяперашні час быць падставай для адмовы ва ўзгадненні рэжыму работы".

Саўмін плануе змяніць гэтыя правілы гульні і ўсё ж звязаць працу ноччу з падключэннем да сістэмы. Зрэшты, прадугледжаны механізм, які дазволіць пазбегнуць выдаткаў: калі лакальная сістэма відэаназірання будзе адпавядаць патрабаванням Рэгламенту функцыянавання РСМГБ.

Зрэшты, адпавядаць патрабаванням рэгламенту не так ужо і проста. Ён прадугледжвае абавязковую наяўнасць аўтаматызаванага рабочага месца, якое знаходзіцца ў адраснай прасторы Адзінай сеткі перадачы звестак ад BeCloud. Там жа — процьма іншых тэхнічных патрабаванняў, якія ўладальнікам устаноў давядзецца выконваць самастойна. Выглядае так, што куды прасцей (і танней) падключыцца да "Вялікага брата". Хоць дэ-юрэ выбар ёсць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.