Вы тут

Работнікі МНС выратавалі мінчука, які пагражаў скочыць з дзясятага паверха

Мінскія ратавальнікі выратавалі самагубцу / minsk.mchs.gov.by

10 чэрвеня ў 21:05 сталічным ратавальнікам затэлефанаваў мужчына і заявіў, што ён збіраецца скочыць з акна жылога дома 21 па вуліцы Семянякі. Гэта новабудоўля, якую пачалі засяляць некалькі тыдняў таму.

Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання пачала размову з мужчынам, а да яго дома выехалі супрацоўнікі МНС, паведамляе прэс-служба ведамства. 

Прыбыўшы на месца, ратавальнікі пабачылі чалавека ў акне дзясятага паверха. 

"Пакуль кіроўца Ілля Емяльянаў агароджваў месца надзвычайнай сітуацыі, камандзір аддзялення Дзмітрый Радчанка і старшы пажарны Яўген Андрушкевіч падымаліся на 10-ы паверх да мужчыны. Якраз ужо прыбылі калегі з пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №2 і №26. Я вызначыў задачы прыбылым падраздзяленням па расстаноўцы "кубоў жыцця" і падняўся наверх", — распавядае намеснік начальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №18 Ілля Юрэвіч.

Ратавальнікі размаўлялі з мужчынам, пакуль Юрэвіч акуратна падыходзіў да яго са спіны. Калі мужчына сабраўся саскочыць, ратавальнік схапіў яго і зацягнуў у пад'езд. 

30-гадовага мужчыну перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Пасля агляду яго шпіталізавалі.

Мінскія ратавальнікі выратавалі самагубцу / minsk.mchs.gov.by
Мінскія ратавальнікі выратавалі самагубцу / minsk.mchs.gov.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.