Рабочых "Краснасельскбудматэрыялаў" заваліла цэментам

Рабочых "Краснасельскбудматэрыялаў" заваліла цэментам

Ваўкавыскі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу па факце парушэнняў правілаў аховы працы, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне цялесных пашкоджанняў іншай асобе.

Здарэнне адбылося 21 сакавіка каля 18.30 на ААТ "Краснасельскбудматэрыялы". Падчас ачысткі цеплаабменніка і сіласу для захоўвання цэменту пласт цэменту абрынуўся наніз. Пры гэтым загінуў 32-гадовы рабочы прыватнага будаўнічага унітарнага прадпрыемства. Яго 32-гадовы напарнік атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў шпіталізаваны.

Як высветліла судмедэкспертыза, рабочы задыхнуўся ў выніку закрыцця дыхальных шляхоў цэментнай масай. Ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў, атрыманых другім рабочым, будзе выяўленая пасля яго поўнага медыцынскага абследавання.

Следчыя дапытваюць кіраўнікоў і работнікаў прадпрыемстваў. У рамках следчых і працэсуальных дзеянняў высвятляецца пытанне забеспячэння загінулага і пацярпелага сродкамі індывідуальнай абароны, іншыя абставіны здарэння.

Канчатковая прававая ацэнка будзе дадзеная па выніках расследавання. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі