Пытанне да юрыста: праз колькі часу павінны вярнуць адабраную пры ператрусе рэч?

Як доўга Феміда можа не вяртаць мабільны тэлефон, адабраны пры ператрусе? / unsplash.com
Як доўга Феміда можа не вяртаць мабільны тэлефон, адабраны пры ператрусе? / unsplash.com

Нярэдкія выпадкі, калі пасля ператрусу сілавікі адбіраюць мабільныя тэлефоны, аргтэхніку і іншыя рэчы. Чалавек пры гэтым можа быць на волі, чакаючы рашэння па заведзеным на яго працэсе, а мабільны тэлефон з "дэструктыўнымі тэлеграм-каналамі" некалькі месяцаў пыліцца дзесьці ў нетрах РУУС.

Як доўга могуць утрымліваць маёмасць? "Шукаю ў законах, а ўсюды трапляюцца расійскія артыкулы, там пра 5-10 сутак ідзе гаворка і пра 30 сутак максімум. Інакш атрымліваецца, што рэчы ўкралі, па-іншаму і не скажаш", — наракае чытач Еўрарадыё.

Каб дасканала разабрацца ў пытанні, мы звярнуліся да юрысткі Надзеі Кавалёвай. Спецыялістка тлумачыць: канкрэтныя тэрміны, па заканчэнні якіх вам павінны вярнуць канфіскаванае пры ператрусе, у беларускім заканадаўстве не прапісаныя.

— Лёс канфіскаваных рэчаў вырашаецца па выніках разбору і выкладаецца ў выніковай судовай пастанове па крымінальнай справе або пастанове па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, — расказвае юрыстка. — Калі выніковая пастанова па справе не змяшчае ўказанняў на гэты конт, то гэтыя пытанні вырашаюцца па заяве зацікаўленай асобы.

У канчатковым выніку выносіцца матываваная пастанова, якая ёсць падставай для вяртання адабраных рэчаў.

Уявім сітуацыю, калі грамадзянін адседзеў па "адміністрацыйцы", а адабраны тэлефон яму так і не вярнулі. Што рабіць у такім выпадку?

— Калі пытанне не вырашанае судом пры вынясенні пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, то неабходна звярнуцца ў суд, які вынес пастанову, з адпаведнай заявай, — адказвае юрыстка. — Арышт з маёмасці будзе зняты ў адпаведнасці з артыкулам 8.7 ПВКаАП, паколькі неабходнасці ў прыняцці мер па забеспячэнні выплаты штрафу ўжо не будзе, бо да чалавека было ўжытае іншае пакаранне за здзейсненае адміністрацыйнае правапарушэнне.

У выпадку калі суд вынес выніковую пастанову па крымінальнай справе, але не вырашыў лёс арыштаванай маёмасці, пытанні пра зняцце арышту і вяртанне маёмасці вырашаюцца ў парадку артыкула 402 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Вопрос к юристу: через сколько времени должны вернуть изъятую при обыске вещь?
Юрыстка Надзея Кавалёва / акаўнт Надзеі Кавалёвай "УКантакце"

А як выглядае працэдура адабрання рэчаў і ў якім выпадку яе могуць праводзіць?

— Калі мы гаворым пра крымінальна-прававы складнік, то адабранне рэчаў адбываецца пры здзяйсненні такіх дзеянняў як агляд, ператрус, выемка, асабісты ператрус, — кажа Надзея Кавалёва. — Ёсць асаблівасці правядзення названых працэсуальны дзеянняў, але адабранне прадметаў, рэчаў, дакументаў пры названых мерапрыемствах маюць агульныя рысы: заўсёды складаецца адпаведны пратакол, у якім пазначаюцца рэчы, прадметы, адабраныя ў ходзе працэсуальнага дзеяння.

Пры гэтым адабраныя рэчы пакуюцца, апячатваюцца з прастаўленнем подпісаў асоб, якія ўдзельнічаюць пры здзяйсненні працэсуальнага дзеяння (артыкул 204, артыкул 210 КПК). Нярэдка накладваецца арышт на маёмасць з мэтай пакрыцця шкоды, нанесенай злачынствам, пакрыцця грамадзянскіх пазоваў.

Вопрос к юристу: через сколько времени должны вернуть изъятую при обыске вещь?
Добры дзень, мы з ператрусам / lrt.lt

— Адбірацца рэчы могуць таксама ў рамках справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, — працягвае жанчына. — У прыватнасці, орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, мае права накласці арышт на маёмасць у мэтах забеспячэння выканання пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу. У такім выпадку аб накладанні арышту на маёмасць выносіцца матываваная пастанова і складаецца пратакол вопісу арыштаванай маёмасці.

Больш падрабязна даведацца пра тое, у якім выпадку можа быць накладзены арышт на маёмасць, можна азнаёміўшыся з артыкулам 132 КПК, а таксама з артыкулам 8.7 ПВКаАП.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі