Пяскоў — пра ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі: нідзе гэта не напісана

Пяскоў — пра ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі: нідзе гэта не напісана

Расія не ўмешваецца ва ўнутраныя беларускія справы, але хоча, каб у нашай краіне "абсалютна дамінавала /.../ ідэя шматфактарнай блізкасці з Расіяй". Пра гэта прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў у інтэрв'ю газеце "Аргументы и факты".

Журналісты пацікавіліся, як Крэмль рэагуе на сітуацыю ў Беларусі. "Усё, што адбываецца ў Беларусі, — гэта ўнутраная справа Беларусі. Але мы ўсе хварэем сэрцам і душой за нашых беларускіх братоў, таму што мы сапраўды практычна адзін народ", — адказаў прэс-сакратар Пуціна.

Каментуючы словы Аляксандра Лукашэнкі, што той не абяцаў Расіі канстытуцыйную рэформу, Пяскоў пагадзіўся: Лукашэнка, маўляў, мог абяцаць такое толькі беларусам, а не Крамлю. Але дадаў, што Лукашэнка публічна заяўляў, што такая рэформа будзе, таму "ёсць пэўныя чаканні на гэты конт"

Ён яшчэ раз паўтарыў, што Расія не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя беларускія справы. Аднак для Крамля важна, каб Беларусь заставалася ў арбіце яго інтарэсаў: "Для нас галоўнае, каб у Беларусі абсалютна дамінавала прыхільнасць ідэям Саюзнай дзяржавы і ідэя шматфактарнай блізкасці з Расіяй".

Заявы пра неўмяшанне ва ўнутрыбеларускія справы абвяргаюцца фактамі. Як паведамлялася раней, пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 года Уладзімір Пуцін па просьбе Лукашэнкі падрыхтаваў сілавы рэзерв і перасунуў яго да беларускіх межаў. Гэта пацвярджалі кіраўнікі як Беларусі, так і Расіі.

Гаворачы пра магчымае ўваходжанне ў склад Расіі, Пяскоў заявіў: "Ніхто, вядома, пра гэта не кажа, і нідзе гэта не напісана. Ёсць саюзная дамова, дзе прапісаная пэўная паслядоўнасць крокаў па паглыбленні інтэграцыі. Ёсць набор дарожных картаў, якія ўзгадняюць нашы кабінеты міністраў, — далейшыя крокі па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Пра аб'яднанне гаворкі не вядзецца. Але максімальна магчымая паглыбленая інтэграцыя, мы перакананыя, была б у інтарэсах як расіян, так і беларусаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі