Вы тут

Пяціборац Лясун: у Беларусі нельга абараніць не толькі спартоўцаў — зусім нікога

Аляксандр Лясун / sports.ru

Сітуацыя з беларускім спортам і ўвогуле жыццём у Беларусі — вельмі складаная. Пра гэта расійскі пяціборац беларускага паходжання Аляксандр Лясун заявіў у інтэрв'ю для "Газеты.ру".

"Ці магчымы прасвет? Спадзяюся. Не хацелася б шмат пра гэта казаць, гэта складаная тэма", — адзначыў спартовец.

Ён пракаментаваў гісторыю лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, якая праз спартовых функцыянераў трапіла ў скандал на Алімпіядзе ў Токіа і была вымушаная прасіць прытулак у Польшчы. На думку Лесуна, Ціманоўская яшчэ не раскрыла шмат дэталяў са сваёй гісторыі. Ён кажа, што спартоўцы ў Беларусі нічым не абароненыя.

"Мне здаецца, яна нават яшчэ і паловы не распавяла. Абараніць — ніяк, абсалютна. Больш за тое, там не толькі спартоўцаў, але ўвогуле нікога нельга абараніць", — цытуе "Газета.ру" яго словы.

Аляксандр Лясун — чэмпіён Алімпійскіх гульняў-2016 па сучасным пяцібор'і. Да 2008 года ён выступаў за Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.