Пяць самых папулярных спосабаў варажбы на Каляды

Пяць самых папулярных спосабаў варажбы на Каляды

Каляды — час цудаў і варажбы. Спрадвеку маладых незамужніх дзяўчат цікавіла ўласная доля, ці выйдуць яны бліжэйшым часам замуж, кім будзе будучы муж, з якім характарам суджанага падкіне лёс. Па просьбе Еўрарадыё беларускі этнограф Іван Крук называе пяць самых распаўсюджаных на Беларусі спосабаў варажбы.

Іван Крук: “Самае папулярнае — гэта, безумоўна, калі дзяўчына выбягала ў калядную ноч на двор і абхоплівала штыкетнік. Потым лічыла: калі цотная колькасць, гэта значыць, парная, то будзе ў пары, калі няцотная — то застанецца без пары”.

Каб даведацца, хто раней выйдзе замуж, дзяўчаты пяклі аладкі, клалі іх на парог і пускалі сабаку. Прычым, сабака мусіў быць накормлены, каб не кідацца на ўсё запар, а выбіраць і падказваць.

Важную ролю ў варажбе надавалі калодзежу. Ён мог прадказаць характар суджанага:

Іван Крук: “Кідалі ў калодзеж камень і прыслухоўваліся. Калі плёснецца і пырскі рассыплюцца шумна, значыць, будуць пастаянныя сваркі. Калі камень патоне ціха, то тады гаварылі, што муж будзе спагадлівы, ціхі і рахманы”.

 

Пяць самых папулярных спосабаў варажбы на Каляды

Сваю долю дзяўчаты спрабавалі разглядзець у цені ад скамечанай і падпаленай паперы. Была пашыраная і варажба на люстэрках. Дзяўчаты ставілі два люстэркі, паміж імі — свячу, сядзелі і назіралі да таго часу, пакуль у люстэрку не з’явіцца суджаны. І, паводле расповедаў жанчын, там сапраўды бачылі партрэты будучых мужоў. Але такая варажба несла адценне небяспекі.

Іван Крук:“Лічылася, што калі ты ўбачыў канкрэтна ўсё, трэба было адно з люстэркаў тут жа апусціць. Калі ты не паспееш гэта зрабіць, тая постаць, якая з’яўляецца ў люстэрку, можа шлёпнуць цябе добранька па твары і тады на ўсё жыццё застаецца, некаторыя гаварылі, радзімая пляма, некаторыя казалі, што гэта пляма акурат ад варажбы. Гэта кантакт з тым светам, таму трэба было быць надзвычай асцярожным”.

А ці варажылі на Каляды хлопцы? Іван Крук кажа, што для іх гэта было не так актуальна. Бо ў хлопцаў была перавага — выбіралі менавіта яны. А ўжо як павядуць сябе бацькі ці дзяўчына — гэта іншая рэч. Тым не менш, часам варажылі і хлопцы. Вось, напрыклад, агульны для ўсіх варыянт: паставіць на ноч місу з вадой пад ложак, пакласці туды галінку. Каго ў сне па кладачцы перавядзеш, з тым і жыць будзеш.

Фота: www.meteoprog.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі