Псіхолаг: Прыняць станоўчыя рашэнні пасля такіх доўгіх перамоваў цяжка

Мінскія перамовы цягнуцца 15 гадзін. Стаміліся і палітыкі, і журналісты. Псіхолаг з кафедры псіхалогіі БДУ прааналізаваў, ці добра дамаўляцца ўначы.

“Ёсць людзі-совы, ёсць жаўрукі, адны працуюць ноччу эфектыўна, другія — ранкам. Усё залежыць ад таго, да якога тыпу адносяцца Меркель, Парашэнка, Пуцін і Аланд. Ёсць таксама залежнасць таго, што яны рабілі перад пачаткам перамоваў. Ёсць розніца, калі Пуцін ляцеў гадзіну, а Меркель з Аландам — тры, і адразу на перамовы”, — кажа псіхолаг. У перамовах важную ролю граюць гарманальны фон, стан здароўя, узрост, полавая прыналежнасць і нават падрыхтаванасць да такой працы.

“Вось сёння па тэлевізары бачыў, што Пуцін з Парашэнкам стоячы лаяліся, а Меркель маўчала. Агрэсія паказвае на стомленасць. У гэтым стане прымаць нейкія прадуктыўныя рашэнні цяжка. Хоць Меркель магла маўчаць і ў сабе ўсё перажываць”, — кажа псіхолаг.

Любая праца падпарадкоўваецца лагічным заканамернасцям: спачатку ўваход у працэс, потым нейкі перыяд прадуктыўнасці — у кожнага чалавека розны, потым перыяд тармажэння (стомленасці). Гэтыя працэсы змяняюць адзін аднаго хвалепадобна, але можна сказаць, што цяпер лідары Германіі, Францыі, Украіны і Расіі стомленыя, і прыняць нейкія прадуктыўныя рашэнні цяжка.

“Ім трэба адпачыць у адзіночным пакоі, паслухаць Вагнера ці зрабіць масаж, схадзіць у сауну ці пагуляць у більярд. Арганізм адновіцца і можна працягваць”, — кажа псіхолаг. На яго думку, “чацверка” не разлічвала на такія доўгія перамовы.

“Найшла каса на камень, сысці нельга, бо на іх глядзіць увесь свет. Яны будуць сядзець, пакуль не прымуць любое рашэнне, нават першы крок. Але чым больш яны сядзяць, тым менш эфектыўнай будзе праца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі