Прыватных адвакатаў хочуць адхіліць ад крымінальных і адміністрацыйных працэсаў

Малаток суддзі​ / unsplash.com
Малаток суддзі​ / unsplash.com

Тэлеграм-канал Антона Матолькі апублікаваў дакумент пад назвай "Аб змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці". Самае рэзананснае ў ім: прапануецца адхіліць адвакатаў, якія працуюць індывідуальна і ў адвакацкіх бюро, ад абароны людзей, якія праходзяць па артыкулах Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў.

Частных адвокатов хотят отстранить от уголовных и административных процессов
Частных адвокатов хотят отстранить от уголовных и административных процессов

Інакш кажучы, абарона фігурантаў адміністрацыйных і крымінальных спраў аддаецца на водкуп адвакатам, якія працуюць у раённых юрыдычных кансультацыях. А "прыватнікам" застаецца Грамадзянскі кодэкс.

Дзмітрый Лаеўскі, абаронца Віктара Бабарыкі і адваката Максіма Знака, лічыць, што забарона (у выпадку, калі яна будзе ўведзена) нанясе "каласальны ўдар па незалежнасці прафесіі, адкат назад у развіцці адвакатуры і, безумоўна, сур'ёзнае змяншэнне магчымасцяў грамадзян і арганізацый у атрыманні юрдапамогі".

Гэты дакумент рэальны?

Чацвёртага сакавіка Лаеўскі адправіў у Мінюст і ў Мінскую гарадскую калегію адвакатаў (МГКА) звароты з пытаннем, ці сапраўды ў працу адвакатаў плануецца ўнесці такія змены. Дзявятага сакавіка ён атрымаў адказ ад МГКА, што інфармацыяй па пытанні змянення заканадаўства аб адвакатуры яна не валодае. Дзясятага сакавіка праект закона стаў гуляць па інтэрнэце. У гэты ж дзень Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў заявіла, што не атрымлівала на ўзгадненне праект закона.

— БРКА накіравала запыт у Міністэрства юстыцыі з просьбай паведаміць пра тое, ці ёсць адзначаны праект канчатковым, — гаворыцца ў гэтым каментары.

11 сакавіка тг-канал "МотолькоПомоги" працягнуў тэму і апублікаваў табліцу няўлічаных заўваг, якія БРКА накіроўвала ў адрас Міністэрства юстыцыі. Гэта азначае, што рэспубліканская калегія як мінімум у курсе, што ў закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" плануецца ўнесці змяненні — бо яна сама іх прапануе.

Але "чыставой" рэдакцыі законапраекта ў БРКА яшчэ не бачылі — а значыць, пакуль што не факт, што ў яе ўвойдуць папраўкі аб працы адвакатаў на адміністрацыйных і крымінальных працэсах. Хутчэй за ўсё, тут мы маем справу са спробай уладаў "прамацаць" грамадскае меркаванне па гэтым пытанні, апублікаваўшы адзін з магчымых варыянтаў.

Паводле звестак Мінюста, па стане на 1 ліпеня 2020 года ў Беларусі ажыццяўляе дзейнасць 2061 адвакат, працуе 161 юрыдычная кансультацыя, 97 адвакацкіх бюро (3 адвакацкія бюро ў ліпені знаходзіліся ў стадыі ліквідацыі). 367 адвакатаў ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць індывідуальна.

UPD. У момант публікацыі гэтага матэрыялу ў тэлеграм-каналах з'явіўся дакумент за аўтарствам, як сцвярджаецца, міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага. У ім прапісана неабходнасць унясення змяненняў у законы па пытаннях адвакацкай дзейнасці.

"Для мэт паглыблення спецыялізацыі і павышэння якасці юрыдычнай дапамогі, якая аказваецца адвакатамі іншых арганізацыйных формаў, лічым мэтазгодным вызначыць, што адвакаты-індывідуалы і адвакаты адвакацкіх бюро будуць аказваць юрыдычную дапамогу па пытаннях грамадзянскага і гаспадарчага заканадаўства", — прыводзіцца такі аргумент аўтарамі дакумента.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі