Пры аднаўленні царквы Святога Духа знайшлі крыпты з астанкамі фундатараў

У Мінску пры аднаўленні легендарнага храма XVII ст. знайшлі склеп з пахаваннем фундатараў царквы. Сам храм знішчылі саветы, але да трунаў не дабраліся. Крыпта можа стаць сімвалам незнішчальнасці Мінска і турыстычнай пярлінай
Ужо некалькі тыдняў працоўныя КУП "Мінская
Спадчына" раскопваюць фундаменты царквы. Падчас працы коўш экскаватара раптам прабіў невядомую крыпту (пахавальны склеп), не пазначаную ні на
адным з планаў царквы .

Прараб будоўлі
выклікаў спецыялістаў з інстытута археалогіі НАН Беларусі, якія пачалі
прафесійна раскопваць крыпту. Астанкі фундатараў царквы засталіся некранутымі, нягледзячы на нешчаслівы лёс храма.

Побач з знойдзеным склепам, які належыць да "крыптаў закрытага тыпу", знайшлі яшчэ адно пахаванне - ўжо ў адкрытай крыпце.

Падчас ранейшых
раскопак, апошнія з якіх праводзіліся ў 1980-я, знайшлі толькі крыпту XIX стагоддзя, у якой таксама знаходзяцца
некалькі пахаванняў.

Цяпер праектны план будзе скарэктаваны, а знойдзеныя крыпты і лёхі царквы -  музеефікаваныя. Хутчэй за ўсё, можна будзе
спусціцца пад зямлю, каб убачыць падмуркі царквы,
прыкладна так, як гэта зроблена ў Сафійскім саборы ў Полацку.

У старых еўрапейскіх гарадах крыпты, якія з'яўляюцца рэдкасцю, адкрытыя для наведвання і з'яўляюцца важным пунктам турыстычных і адукацыйных падарожжаў. Гэтак, у суседняй Польшчы толькі дзве падобныя крыпты.

Так месца раскопаў выглядае цяпер.

А вось так можа выглядаць па аднаўленні (малюнак з www.nn.by)

Здымкі Валянціна Груздава

Даведкі Еўрарадыё:

Царква Святога Духа збудаваная ў першай палове XVII ст. Гэта неабходны элемент Ратушнага пляцу, які быў знішчаны пасля акупацыі Беларусі высілкамі царскіх і камуністычных уладаў. Па атрыманні незалежнасці пачалося аднаўленне
Ратушнага пляца. Паўсталі каталіцкі сабор, Ратуша, гатэль «Еўропа». На чарзе - царква Святога Духа, якая належала да
комплексу ўніяцкага базыльянскага кляштару.

У 1795 г., пры Расійскай імперыі, базыльянскія манастыры былі зачыненыя, а царква аддадзена пад
кафедральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Пры цару яе перабудоўвалі
на рускі лад, а за саветамі зраўнялі з зямлёй. Захаваліся падмуркі, на іх яна і паўстане зноў, але ў якасці дзіцячай філармоніі.

Кры́пта (от грэцкага
kryptē — закрыты падземны схоў) — у сярэднявечнай еўрапейскай архітэктуры склеп або некалькі склепаў, разьмешчаных пад алтаром і хорамі. Крыпты служаць для пахавання і наведвання астанкаў святых, пакутнікаў і фундатараў.