Вы тут

Прэзідэнт Грузіі заявіла, што ніколі не памілуе Міхаіла Саакашвілі

Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі і экс-лідар краіны Міхаіл Саакашвілі​

Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што ніколі не памілуе экс-лідара краіны Міхаіла Саакашвілі.

"Мая пазіцыя ў дачыненні да памілавання былога прэзідэнта з'яўляецца выразнай і нязменнай — не і ніколі", сказала яна ў сераду падчас тэлезвароту да нацыі. Яна таксама падкрэсліла, што больш не мае намеру вяртацца да гэтага пытання. 

Па словах Зурабішвілі, яна не лічыць Саакашвілі палітвязнем, таму што ён "не адпавядае крытэрам ні палітычнага зняволенага, ні нявіннай ахвяры". Прэзідэнт Грузіі нагадала, што Саакашвілі прыбыў "добраахвотна і нелегальным шляхам", а мэтай яго прыезду была дэстабілізацыя сітуацыі ў краіне.

Адначасова яна звярнулася да Мінюста Грузіі з просьбай лічыць Саакашвілі "асаблівым зняволеным" і клапаціцца пра яго здароўе. Гэта трэба, каб пазбегнуць спекуляцый, калі стан здароўя былога лідара ў зняволенні пачне пагаршацца.

Міхаіла Саакашвілі затрымалі ў пачатку кастрычніка.  Ён прыбыў у Грузію з Украіны напярэдадні мясцовых выбараў 2 кастрычніка. У відэазвароце да суграмадзян Саакашвілі тады заявіў, што прыехаў абараняць волю людзей, паколькі "вырашаецца пытанне выратавання Грузіі, вырашаецца пытанне выжывання". Саакашвілі раней праходзіў фігурантам па некалькіх крымінальных справах, якія разглядалі суды Грузіі. Яго судзілі завочна. Яшчэ некалькі крымінальных спраў у дачыненні да яго знаходзяцца ў стадыі разгляду.

Былы прэзідэнт знаходзіцца ў турме горада Руставі. Сам Саакашвілі лічыць сябе палітычным зняволеным, таму абвясціў галадоўку. Мінюст Грузіі некалькі разоў прапаноўваў перавесці палітыка ў турэмны шпіталь, але ён адмаўляецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.