Прэзентацыя на Еўрарадыё: "Thank you" ад Сашы Захарык і Юрыя Селязнёва

Салістка Apple Tea i Lipnitsky Show Orchestra Саша Захарык запісала сумесны трэк "Thank you" з бэк-вакалістам сёлетняга беларускага нумару на "Еўрабачанні" Юрыем Селязнёвым і прадстаўляе яго на Еўрарадыё.

"Гэта песня пра сышоўшыя пачуцці, калі людзі гатовыя не проста разысціся з крыкамі, а гатовыя падзякаваць адно аднаму, таму што вынесці нейкі досвед са стасункаў. Уласна, яны кажуць адно аднаму "дзякуй", жадаюць поспехаў і ідуць далей", — распавядае Саша. Музыку да песні спявачка напісала сама. Тэкст належыць пяру сяброўкі Сашы, Марыі Кірдун, якая жыве ў Барселоне.

"Юра — вельмі яскравая асоба, мне вельмі падабаецца яго тэмбр і манера спеваў. Ён рыхтуе свой уласны альбом. Грае на мностве інструментаў, і ўвогуле проста прыгожы чалавек", — тлумачыць Саша сваё супрацоўніцтва з Юрыем.

У хуткім часе з'явіцца кліп на "Thank you", які акурат мантуецца. Таксама Саша не выключае, што дуэт можа мець працяг, калі з'явіцца трапная песня.

Фота Насты Дубровінай