Праз сайт вакансій школы шукаюць 138 настаўнікаў

“У 2013 годзе было 122 тысячы настаўнікаў. Па маіх падліках, нам трэба 80 тысяч. Калі фонд працы пакіне столькі ж, вось і вырашэнне праблемы”, — такім чынам Анатоль Тозік прапануе падняць заробак настаўнікам на сумесным паседжанні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Калі я звяртаюся ў мінскую школу №130, каб пашукаць “лішніх” настаўнікаў, мне адразу прапануюць… працу:

— Добры дзень, гэта Еўрарадыё вас турбуе, журналіст, а колькі ў вас вакансій настаўнікаў цяпер?

— А якая вас зацікавіла?

Гэтая школа шукае адразу 6 настаўнікаў: фізрука, фізіка, біёлага, дэфектолага, настаўніка англійскай мовы і пачатковых класаў. Прапануюць заробак у 3 мільёны.

“У адукацыі заўжды быў недахоп кадраў. Ёсць розныя сітуацыі: дэкрэтныя адпачынкі тыя ж”, — тлумачаць Еўрарадыё ў школе кадравы голад.

На сайце rabota.by Еўрарадыё знаходзіць 138(!) вакансій для настаўнікаў: школы шукаюць адразу 3-4 педагогаў. Найбольш у пашане настаўнікі англійскай мовы, фізікі, біялогіі. Каго ж тут звальняць, пытанне да Анатоля Тозіка.

“Ён меў на ўвазе планы аптымізацыі школьных фондаў, дзе нерэнтабельна трымаць 2-3 дзяцей у школе і вазіць туды 16 педагогаў. Дзе рэнтабельней дзяцей вазіць у больш сучасную школу. Калі гэтыя грошы аптымізаваць, будзе павелічэнне заробкаў, ён гэта меў на ўвазе. Гаворкі аб звальненнях няма”, — пераказваюць у Мінадукацыі думку віцэ-прэм’ера.

Але, як высвятляе Еўрарадыё, настаўнікаў шукаюць і на перыферыі: у Крупкі Мінскай вобласці трэба настаўнік англійскай мовы на 2,4 мільёна.

“У нас цякучка кадраў невялікая. У гэтым годзе закрываем адну школу, але настаўнікаў не звальняем, бо пашыраецца нагрузка на іншыя школы”, — расказваюць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама.

Школы ў раёнах закрываюць кожны год, але настаўнікаў не скарачаюць, дзеліцца настаўніца са Старадарожскага раёну Алена:

“Я часта бываю на нарадах, там чую, што штогод закрываецца школа амаль у кожным раёне, а настаўнікаў раскідваюць па розных школах. А калі чалавека пераводзяць у іншую школу, там у іншых забіраюць гадзіны, каб яго нагрузіць. Але ёсць сакратары педсаветаў, настаўнікі малодшых класаў, можна быць і настаўнікам фізкультуры, маляванне весці, так і набіраюць на гэтую стаўку”, — тлумачыць Алена.

У пачатку 2013 года у Беларусі працавала 3395 школ, гэта на 184 школы менш, чым у 2012 годзе. У іх навучалася 931 тысяча дзяцей, што на 3 тысячы больш, чым у 2012, падлічвае Белстат.

Фота: news-r.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі