Вы тут

“Правы сектар” паабяцаў Лукашэнку ваенную добраахвотніцкую падтрымку

Фота: УНІАН

Украінскі “Правы сектар” паабяцаў Аляксандру Лукашэнку падтрымку ў выпадку, калі давядзецца адстойваць суверэнітэт Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў аналітычнай заяве ўкраінскай нацыяналістычнай арганізацыі, прынятай у сувязі з “пагрозлівымі перспектывамі” ў адносінах Беларусі і Расіі.

Кіраўніцтва “Правага сектара” адзначае, што “трактаваць зменлівыя паводзіны Рэспублікі Беларусь да Расійскай Федэрацыі за апошнія гады складана”.З аднаго боку, Лукашэнка пагражае Маскве стратай адзінага саюзніка, а з іншага боку актуалізавалася дамова аб Саюзнай дзяржаве, падпісаная ў 1999 годзе.

“Лукашэнка далёка не беларускі нацыяналіст. Гэта выхадзец з класа чырвоных дырэктараў. Гэта значыць, яго матывацыя не ў адданасці сваёй нацыі, а ў ідэалах “партыйнай дысцыпліны”. Лукашэнка ўзяўся за кіраванне структурай (рэспублікай) — Лукашэнка любой цаной выканае функцыю”, — сказана ў заяве.

Пры гэтым аўтары заявы адзначаюць, што Беларусь “падвяргаецца нахабнаму шантажу” з боку расійскіх уладаў і СМІ.

“Перад А. Лукашэнкам стаіць выбар: шлях да страты дзяржаўнасці або шлях рашучага супраціву, які пачнецца па скасавання Саюзнай дамовы раз і назаўжды. Манеўраваць доўга не атрымаецца”, — упэўненыя ў “Правым сектары”.

 На выпадак, калі ў Лукашэнкі здарыцца канфлікт з Крамлём, радыкальная ўкраінская арганізацыя абяцае падтрымаць беларускага кіраўніка і лабіраваць падтрымку Беларусі ва Украіне і ў свеце. Таксама “Правы сектар” гатовы пры неабходнасці аказаць ваенную добраахвотніцкую падтрымку.

“Як беларусы падтрымалі ўкраінцаў ў нацыянальна-вызваленчай вайне ў Данбасе, так і НВР “Правы сектар” лічыць сваім абавязкам дапамагчы беларускай нацыі ў яе гістарычным імкненні да незалежнасці”,сказана ў заяве.