Вы тут

Праваабаронцы абскарджваюць рашэнне па справе, якую "раскрыў" Лукашэнка

Юрый Іваноў, фота TUT.by

Праваабаронцы падалі ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу па справе аб забойстве, "раскрытым" Аляксандрам Лукашэнкам. Падрыхтаваны індывідуальны зварот ад імя Юрыя Іванова, якога 9 гадоў таму апраўдалі, а праз 7 гадоў зноў выставілі абвінавачанне. У выніку яго прызналі вінаватым у забойстве знаёмай.

Праваабаронцы сцвярджаюць, што ў дачыненні Іванова быў парушаны шэраг артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, паведамляе bydc.info

38-гадовая Святлана Паддубская была забітая ў лютым 2009 года ў катэджы ў Магілёве — ёй нанеслі каля 50 нажавых раненняў. Падазраванымі былі 7 чалавек, але затрымалі яе 25-гадовага знаёмага Юрыя Іванова. У выніку суд вынес яму апраўдальны прысуд.

Цягам васьмі гадоў родныя Святланы дамагаліся новага расследавання забойства. Бацька загінулай дайшоў да кіраўніка краіны і той асабіста зацікавіўся справай. Раней апраўданага Іванова знайшлі ў Расіі, затрымалі і выставілі новае абвінавачанне. Яму далі 21 код калоніі ўзмоцненага рэжыму без права абскарджвання, а таксама прысудзілі выплаціць родным Святланы Паддубскай 300 тысяч рублёў.

Праваабаронцы сцвярджаюць, што апраўдальныя прысуды надзвычай рэдкія ў Беларусі і калі суд вынес яго ў дачыненні Іванова, то на гэта былі важкія падставы. Таксама юрысты мяркуюць, што яго затрыманне ў Расіі было незаконнае, як і ўтрыманне пад вартай, дзе яго падвяргалі катаванням.

Прынцып прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні фігуранта гэтай справы быў парушаны, бо прадстаўнікі ўлады не ўтрымліваліся ад выказванняў пра яго вінаватасць яшчэ да заканчэння судовага працэсу.  Апроч таго, Іванова пазбавілі права апеляцыйнага абскарджвання прысуду.

Праваабаронцы будуць дапамагаць маці Іванова падчас разгляду скаргі ў Камітэце па правах чалавека.