Вы тут

Праваабаронца: за рэпрэсіі адкажуць і выканаўцы, і прапагандысты

Марш пенсіянераў увосень 2020 года / Еўрарадыё

Рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі пасля выбараў 2020 года, трапляюць пад азначэнне "злачынствы супраць чалавечнасці". Адказваць за іх давядзецца і выканаўцам, і тым, хто аддаваў загады.

На лаве падсудных могуць апынуцца нават прапагандысты, якія распальваюць нянавісць у грамадстве, расказвае праваабаронца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Вікторыя Фёдарава.

Больш падрабязна пра нядаўнюю справаздачу камітэта праваабаронца расказала ў стрыме Еўрарадыё. Мы сабралі самае цікавае з яго.

 

Тое, што адбывалася на Акрэсціна, — узровень фашыстаў

Рэпрэсіі ў першыя дні пасля выбараў 2020 года падыходзяць пад азначэнне "злачынства супраць чалавечнасці", мяркуе Вікторыя Фёдарава.

— Калі мы гаворым пра юрыдычнае азначэнне, то яно ёсць цалкам канкрэтнае. Яно зафіксавана і ў статуце Міжнароднага крымінальнага суда, і ў звычайным міжнародным праве. Гэта юрыдычная канструкцыя.

Параўноўваць, што было горш [падзеі на Акрэсціна ў жніўні 2020 года або дзеянні фашыстаў у Другую сусветную вайну. — Еўрарадыё], — гэта не зусім правільна з пункту гледжання юрыста. Ёсць дакладная катэгорыя злачынстваў. І мы ў справаздачы на больш чым 50 старонках абгрунтоўваем, што сапраўды меў месца шырокамаштабны сістэматычны напад [на беларусаў. — Еўрарадыё].

Калі мы чытаем інтэрв'ю людзей, якія выйшлі 14 жніўня з Акрэсціна, мне здаецца, гэта ўзровень таго, што рабілі фашысты. Проста неймаверна, што адбывалася.

 

Каго і на колькі могуць асудзіць?

Пратэсты ў Мінску / Еўрарадыё

Вікторыя Фёдарава адзначае, што ў міжнародным праве няма дакладных нормаў, на колькі могуць асудзіць, напрыклад, за забойства.

— Вырашае суд. І ў сітуацыі Беларусі, калі гэты працэс будзе, адпаведна, незалежны суд будзе вырашаць. Як гэта будзе адбывацца, яшчэ незразумела. Мы праваабаронцы. Гэта ўжо новая ўлада будзе вызначаць, якім чынам судзіць гэтых людзей.

Фігурантамі будуць праходзіць у першую чаргу непасрэдна выканаўцы: супрацоўнікі АМАП, ГУБАЗіК. Гэта значыць, канкрэтныя людзі, якія здзяйснялі злачынствы.

Далей гэта тыя, вядома, хто аддаваў загады. Дзякуючы розным ініцыятывам многае ўжо цяпер выходзіць на святло. Тэлефонныя размовы начальнікаў РУУС, дзе яны дакладна даюць указанні, якім чынам неабходна дзейнічаць у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. Тыя, хто аддаваў такія загады, таксама павінны быць на лаве падсудных.

Ізалятар на Акрэсціна ўвосень 2020 года / Еўрарадыё

Прапагандысты таксама трапяць пад суд?

Аўтары даклада не называюць кагосьці канкрэтнага злачынцам, але апісваюць, што палітыка падтрымання рэпрэсій падтрымліваецца на ўсіх узроўнях. У тым ліку і ў дзяржаўных СМІ, падкрэслівае праваабаронца.

— Што да канкрэтных журналістаў, якіх мы прыводзілі, тут таксама будзе вырашаць незалежны суд. Свабода выказвання думак можа быць абмежаваная. Мова варожасці не заўсёды можа крыміналізавацца. Але калі мы гаворым пра відавочнае распальванне нянавісці, то чаму б і не?

Гэта злачынства, калі супрацоўнікі СМІ, асабліва тыя, якія маюць шырокі ахоп тэлевізійнага вяшчання, дазваляюць сабе відавочнае распальванне і заклікі да дзеянняў па знішчэнні апанентаў улады. Гэта недапушчальна.
 

Самая складаная тэма — згвалтаванні

Паводле звестак праваабаронцы, сотні людзей паведамлялі пра сексуальны гвалт або замахі на здзяйсненне такіх злачынстваў.

Пратэсты ў Мінску ў 2020 годзе / Еўрарадыё

— Ёсць справы, дзе ёсць здзейснены факт. Напрыклад, гэта справа праграміста з Мінска, які са зразумелых прычын не называе свайго імя. Ён падаў заяву ў Следчы камітэт. Была праверка па гэтай справе. Гэта значыць, праваахоўныя органы Беларусі ведаюць пра гэта. Ёсць медыцынскія дакументы. Там усё вельмі адназначна. Тым не менш праверка прыпыненая. Нікога ні да чога не прыцягнулі. Нават не распачалі крымінальную справу.

Паколькі пра такія пагрозы заяўляюць сотні людзей, прычым не толькі ў Мінску, я думаю, што прыйдзе час, калі людзі зразумеюць, што яны цяпер могуць бяспечна расказаць пра гэта.

Такія сведчанні з'явяцца. І медыцынскія дакументы з'явяцца. Проста, па-першае, гэта для чалавека досыць траўмавальная акалічнасць. Па-другое, людзі выдатна разумеюць, што ў цяперашняй сітуацыі яны не могуць дасягнуць справядлівасці, — робіць выснову Вікторыя Фёдарава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.