Праўладны блогер стрыміў з мітынгу, але міліцыя не знайшла правапарушэнняў

Аляксей Голікаў / фота з сацсетак
Аляксей Голікаў / фота з сацсетак

Брэсцкая міліцыя не ўбачыла правапарушэнняў з боку блогера Аляксея Голікава, які не проста хадзіў на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, але і стрыміў з іх. 27 кастрычніка ў Гродне мясцовага інстаграм-блогера Вадзімаці за такое судзілі — і аштрафавалі на 540 рублёў. Але Голікаў, падобна, выйдзе сухім з вады, хоць некалькі брастаўчан падалі на яго заяву і апісалі правапарушэнні:

"Мною было заўважана, што аўтар ютуб-канала Аляксей Голікаў браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Аляксей Голікаў не з'яўляецца акрэдытаваным журналістам", — гаворыцца ў заяве.

У якасці сведчання прысутнасці блогера на акцыях брастаўчанін дадаў да заявы спасылкі на стрымы, якія сам Голікаў і здымаў:

На думку заяўніка, у дзеяннях блогера таксама можна знайсці паклёп на іншага грамадзяніна.

"Аляксей Голікаў абвінавачвае іншага чалавека ў тым што ён "накураны" і "відавочна ў нецвярозым стане", не маючы ў наяўнасці дакументальна пацверджаных фактаў. На маю думку, у гэтым роліку адбываецца распаўсюд заведама лжывых звестак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), у публічным выступе, у інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт", — каментуе яшчэ адно відэа Голікава неабыякавы грамадзянін.

Таксама аўтар заявы звяртае ўвагу міліцыі на магчымае парушэнне ПДР:

"Аляксей Голікаў, магчыма, парушыў правілы дарожнага руху пешаходам (перасячэнне праезнай часткі дарогі па рэгуляваным пешаходным пераходзе на забараняльны сігнал святлафора)".

Па ўсіх гэтых фактах брастаўчанін прасіў пракуратуру Брэсцкай вобласці правесці праверку. Ведамства "спусціла" заяву да аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. Ні па адным з фактаў Голікаў не быў прыцягнуты да адказнасці.

"Довады, выкладзеныя ў Вашым звароце, не знайшлі свайго пацвярджэння", — гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка начальніка аддзела Мікалая Самасюка.

Провластный блогер стримил с митинга, но милиция не нашла правонарушений

Хто такі Аляксей Голікаў?

Аляксей Голікаў быў героем травеньскага тэксту Еўрарадыё пра антыапазіцыйных відэаблогераў. 39-гадовы мужчына рэгулярна запісвае ролікі з крытыкай праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ у прыватнасці і апазіцыі ў цэлым. Ён з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам у сферы рэкламы, а таксама зарабляе на жыццё вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі на асабістай падсобнай гаспадарцы.

На чацвёртым дзясятку Голікаў вырашыў прысвяціць сябе журналістыцы: нават паступіў на дзённае аддзяленне журфака БрДУ, але пасля перавёўся на завочку ў БДУ. Паспеў год папрацаваць у газеце "Брестский курьер" да закрыцця выдання праз банкруцтва.

Відэакантэнт на канале Голікава, варта прызнаць, адносна якасна зняты і змантаваны. А на інтэрв'ю да блогера ходзяць і апазіцыйныя палітыкі, і блогеры з супрацьлеглага лагера.

"Ідэя весці блог узнікла даўно. Яна з'яўляецца рэалізацыяй і адначасова атрыманнем досведу ў журналісцкай дзейнасці. Пляцоўка "Ютуба" з'яўляецца тым самым спосабам для рэалізацыі журналісцкай дзейнасці, дзе я магу свабодна выказваць сваё меркаванне", — расказваў Голікаў Еўрарадыё пра свой канал, які пачаў весці два гады таму.

Непрадузятым меркаванне Голікава можна назваць з нацяжкай. Назвам яго ролікаў могуць пазайздросціць нават прапагандысты дзяржмедыя, якія ведаюць толк у паліванні брудам апазіцыі: "Оппы! На понедельник приготовить попы!" (відэа, якое Голікаў апублікаваў перад Нацыянальнай забастоўкай), "Мирные, говорите, протесты? Сталина на вас нет!", "Брест задержания бчб-упырей".

Як пратэстоўцы ў Брэсце ставяцца да прапагандыста з "Ютуба", наглядна дэманструе наступнае відэа:

Яшчэ на адным відэа міліцыя вокамгненна заступаецца за Голікава, якога на акцыі штурхнуў адзін з пратэстоўцаў:

Сам Голікаў апошнім часам стаў частым госцем у сваіх "старэйшых братоў па прапагандзе": то сходзіць на інтэрв'ю да Марата Маркава на АНТ, то пагутарыць з Рыгорам Азаронкам на СТБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі