Пратэсты ў Малдове аб’ядналі тых, хто выступае за Румынію, за ЕС і за Расію

Пратэсты ў Малдове аб’ядналі тых, хто выступае за Румынію, за ЕС і за Расію

У пятніцу, 22 студзеня, у Кішынёве працягваюцца спантанныя антыўрадавыя акцыі пратэсту. На вуліцы выйшла каля 10 тысяч чалавек. Яны патрабуюць адстаўкі ўрада на чале з Паўлам Філіпам. У цэнтр горада сцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад паліцыі, уключаючы спецназ.

“Пратэст працягваецца. Я не думаю, што ён скончыцца ў найбліжэйшыя дні. Але ў які бок павернецца сітуацыя, пакуль сказаць складана”, — распавядае малдоўскі палітолаг Эрнэст Варданян.

За дзень да таго пратэстоўцы пачалі штурмаваць будынак парламента. Прычына — дэпутаты тэрмінова, без папярэдняга абмеркавання, зацвердзілі новы склад урада пад кіраўніцтвам былога міністра інфармацыі Паўла Філіпа. Тады ў сутыкненнях паміж паліцыяй і дэманстрантамі было паранена каля 30 чалавек.

Палітолаг не выключае, што калі ўлады будуць стаяць на сваім, а апазіцыйныя сілы не будуць дзейнічаць рашуча, “народ можа проста сарвацца і выйсці з-пад кантролю апазіцыйных лідараў”.

Унікальнасць сітуацыі ў тым, што гэты пратэст аб’яднаў людзей розных палітычных поглядаў:

“Рэальна аб’ядналіся людзі, якія выступаюць і за Румынію, і за Еўрасаюз, і за Расію. Гэта ўнікальны выпадак, калі на трыбуне стаяць прадстаўнікі і той, і другой апазіцыі. Калі з трыбуны гучыць руская мова, а ў натоўпе прарумынскіх актывістаў не чуваць свісту, гэта сведчыць, што людзей закатавала гэтая ўлада, і яны гатовыя цярпець непрымальных для сябе раней апазіцыйных лідараў”, — кажа Эрнест Варданян.

Пратэсты ў Малдове аб’ядналі тых, хто выступае за Румынію, за ЕС і за Расію
Пратэстоўцы на галоўнай плошчы Кішынёва. 22 студзеня 2016 года. Фота: sputnik.md

Грамадскія хваляванні ў Малдове цягнуцца з восені, калі стала вядома пра знікненне з банкаў краіны каля мільярда долараў, што складае 15% ад яе ВУП. Пасля гэтага ўрад быў распушчаны.

Пратэстоўцы абвінавачваюць кааліцыю праеўрапейскіх партый, якая кіруе шосты год, у карупцыі і некампетэнтнасці, а таксама заяўляюць, што новы кабінет, як і папярэдні, будзе працаваць у інтарэсах алігархаў, а не народа.

Яшчэ тады ядром пратэстнага руху стала грамадзянская платформа “Годнасць і справядлівасць”, якая на сённяшні дзень ператварылася ў палітычную сілу таксама праеўрапейскай скіраванасці. Яна збіраецца ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах і мае неблагія шанцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі